Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла санкцыі супраць беларускіх спартовых чыноўнікаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла прапановы аб прымяненьні санкцый да 36 прадстаўнікоў спартыўных арганізацый Расеі і Беларусі, паведамляе BPN са спасылкай на прэсавую службу Рады.

«За» прагаласавалі 270 народных дэпутатаў. Дакумэнтам плянуецца ўхваліць і ўнесьці на разгляд у Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны прапановы па прымяненьні 18 пэрсанальных спэцыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый) да 36 прадстаўнікоў спартовых арганізацый Расеі і Беларусі.

У гэтым сьпісе намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандар Баравуля, экс-старшыня фэдэрацыі хакею Дзьмітрый Баскаў, якога падазраюць у датычнасьці да гвалтоўнай сьмерці менскага мастака Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году, рэктар Унівэрсытэту фізкультуры Сяргей Рэпкін, кіраўнікі фэдэрацый футболу Ўладзімер Базанаў, хакею — Аляксандар Багдановіч, тэнісу — Сяргей Рутэнка, барацьбы — Алім Сялімаў і трэнэр па гімнастыцы Любоў Чаркашына.

Гаворка ідзе аб блякаваньні іх актываў, прадухіленьні вывядзеньня капіталаў за межы Ўкраіны і пазбаўленьні дзяржаўных узнагарод Украіны.

СНБА рэкамэндуецца прыняць рашэньне аб прымяненьні санкцый, а таксама забясьпечыць інфармаваньне кампэтэнтных органаў Эўрапейскага Зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Японіі і іншых дзяржаў з мэтай разгляду імі пытаньня аб увядзеньні аналягічных санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла санкцыі супраць 18 беларускіх прадпрыемстваў і адной прафсаюзнай пярвічкі

Раней улады Ўкраіны ўвялі санкцыі супраць прадпрыемстваў Беларусі. 12 траўня 2023 году пад санкцыі трапілі:

  • ААТ «Гомельскі радыёзавод»
  • ААТ «Пеленг»
  • НВУП «Навукова-тэхнічны цэнтар „ЛЭМТ“ БелОМА»
  • ААТ «Магілёўскі мэталюргічны завод»,
  • ААТ «Беларускі мэталюргічны завод — кіраўнічая кампанія холдынгу „Беларуская мэталюргічная кампанія“»
  • ААТ «БЕЛАЗ» — кіраўнічая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ»
  • ААТ «БЕЛАЗ-СЭРВІС»
  • ААТ «Старадароскі мэханічны завод»
  • ААТ «Кузлітмаш»
  • ААТ «Кранавы завод»
  • СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод»
  • ААТ «Гомсельмаш»
  • ААТ «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў»
  • ТАА «ІК Лякаматыў-сэрвіс»
  • ААТ «Канструктарскае бюро „Дысплей“»

Таксама ў санкцыйным сьпісе знаходзіцца першасная прафсаюзная арганізацыя дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут парашковай мэталюргіі імя акадэміка А. Рамана».

У другі пакет санкцыяў увайшлі беларускія прадпрыемствы, абмежаваньні ў адносінах да іх таксама будуць дзейнічаць 10 гадоў:

  • ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод»;
  • ААТ «Завод Прамбурвод».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ўвёў новыя санкцыі супраць беларускіх і расейскіх кампаній і асобаў, а таксама грузінскай Georgian Airways

27 траўня 2023 году пад санкцыі трапілі:

  • «Менскі аўтамабільны завод» — кіроўная кампанія холдынгу «БЕЛАВТОМАЗ»,
  • ТАА «ДОКА» (вытворча-рамонтнае прадпрыемства),
  • «Менскі мэханічны завод імя Вавілава — кіроўная кампанія холдынгу „БелОМА“»,
  • «Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт»,
  • АГАТ — сыстэмы кіраваньня — кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня»,
  • навукова-інжынэрнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сыстэмы»,
  • «Завод СВТ»,
  • кіроўная кампанія холдынгу «Гарызонт»,
  • «Гомельскае канструктарскае бюро «Луч»,
  • «Менскі НДІ радыёматэрыялаў»,
  • шматпрофільнае навукова-вытворчае прыватнае щнітарнае прадпрыемства «ТЭТРАЭДР»,
  • ААТ «Тэхніка сувязі»,
  • ААТ «Сувязьінвэст»,
  • ТАА «Актуальныя рашэньні бясьпекі»,
  • ААТ «АЛЕЎКУРП»,
  • ТАА «БелМікрахвалі»,
  • ЗАТ «БЕЛТЫМ СБ»,
  • ТАА «БЕЛФОРТЭКС»,
  • ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод»,
  • ААТ «Экран».

Для гэтых прадпрыемстваў уведзены наступныя абмежаваньні: блякаваньне актываў, поўнае спыненьне гандлёвых апэрацый, спыненьне транзыту прадукцыі прадпрыемстваў праз тэрыторыю Ўкраіны, спыненьне выкананьня фінансавых абавязаньняў перад гэтымі прадпрыемствамі тэрмінам на 10 гадоў, ануляваньне ці прыпыненьне дзеяньня ліцэнзій і іншых дазволаў на дзейнасьць ва Ўкраіне, а таксама іншыя абмежаваньні.

Перад гэтым, 15 красавіка, Украіна ўвяла санкцыі супраць трох грамадзянаў Беларусі — 25-гадовага скакуна ў вышыню Максіма Недасекава, рэктара Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, кіраўніка партыі «Белая Русь» Алега Раманава і міністра спорту і турызму Беларусі Сяргея Кавальчука.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.