«NATO ня будзе нічога рабіць зь Беларусьсю, пакуль адтуль ня будзе прамой пагрозы чальцам NATO», — палітоляг Ніжнікаў

Сьцяг NATO

Аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў аналізуе вынікі саміту NATO, ацэньвае завышаныя чаканьні ўкраінскага грамадзтва ад форуму і камэнтуе эвалюцыю геапалітычных поглядаў Сьвятланы Ціханоўскай.

Сьцісла:

  • Украіна атрымала даволі шмат — я лічу, амаль максымум з таго, што магла атрымаць.
  • NATO — гэта арганізацыя абароны ўдзельнікаў гэтага альянсу.
  • Далучаць краіну, якая ваюе — на гэта ніхто не падпісваўся і да гэтага ніхто не гатовы.
  • Ніякіх інструмэнтаў, каб зьмяніць рэжым Лукашэнкі, непасрэдна падтрымаць беларускі народ, у Захаду няма.

— Ёсьць такое ўражаньне, што пэўная частка ўкраінскага грамадзтва і некаторыя палітыкі (я бачыў рэзкае выказваньне былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі) выказваюць нездавальненьне вынікамі саміту NATO ў Вільні. З другога боку, як здаецца многім, вынікі былі цалкам чаканыя і заканамерныя.

— Я цалкам згодны з тым, што вынікі дастаткова заканамерныя і прадказальныя. Украіна атрымала даволі шмат — я лічу, амаль максымум з таго, што магла атрымаць. Трэба разумець, што пасьля красавіка 2022 году, калі Ўкраіна ўжо не разглядала перамовы з Расеяй як прымальны для сябе варыянт, ад таго часу ўкраінская ўлада і эліта пачалі рыхтаваць сваё грамадзтва, што сяброўства ў NATO — гэта адзіны варыянт і Ўкраіна яго атрымае. Такое напампоўваньне грамадзкай думкі, эмацыйныя заклікі да заходніх палітыкаў прывялі да таго, што былі завышаныя чаканьні да саміту NATO.

— Здаецца відавочным, што пакуль Украіна ваюе з Расеяй, то ў NATO яе ня прымуць. Але ці не зьяўляецца агрэсія Расеі менавіта такім шантажом, калі Масква як бы дае зразумець, што «мы будзем ваяваць з Украінай хаця б дзеля таго, каб вы яе не прынялі ў NATO»? У чым тады выйсьце?

— Можна гаварыць нават пра большае. У мэтах Расеі ня толькі працяг вайны. Нават у выпадку пэўнага замарожваньня ваенных дзеяньняў, калі ня будзе палітычнай дамовы паміж Масквой і Кіевам, то Ўкраіна таксама ня будзе прынятая ў NATO. Пакуль на паперы ня будзе напісана, што дасягнуты мір, і гэта адчыняе дзьверы ў NATO.

Украінцы, вядома, чакалі, што іх запросяць у NATO, што будзе афіцыйнае запрашэньне. І праз гэтае запрашэньне Кіеў атрымае нейкія гарантыі бясьпекі. І некаторыя палітыкі лічылі, што ў такім выпадку NATO нават дапаможа абараняць Украіну.

Але ўсё гэта на сёньня нерэальна. У чальцоў NATO ў гэтым няма згоды, няма кансэнсусу. Шмат хто баіцца ўцягваньня ў канфлікт з Масквой, баіцца ядзернага шантажу Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Я хацеў бы, каб Украіна ўступіла ў NATO праз гадзіну і 20 хвілінаў пасьля вайны

— Калі гаварыць пра магчымыя гарантыі бясьпекі, то Будапэшцкі мэмарандум (калі Ўкраіне і Беларусі даваліся гарантыі бясьпекі ў адказ на вывад зь іхнай тэрыторыі ядзернай зброі) ужо нярэдка згадваюць нядобрым словам. Ці дастаткова моцна гучаць сёньняшнія гарантыі Кіеву з боку Захаду?

— Я думаю, дастаткова. Галоўнае, што трэба зараз Украіне і што робіць Захад — даваць зброю і трэнаваць украінскіх вайскоўцаў; таксама дапамагаць з рэформамі, каб зрабіць украінскую армію больш моцнай і сучаснай.

Але ніводная краіна NATO ня хоча слаць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў. Бо NATO — гэта арганізацыя, створаная для абароны чальцоў гэтага альянсу. Славуты пяты артыкул пра сумесную абарону ў выпадку нападу выкарыстоўваўся толькі адзін раз — пасьля 11 верасьня 2001 году, пасьля атак тэрарыстаў на ЗША.

Далучаць краіну, якая ваюе, — на гэта ніхто не падпісваўся і да гэтага ніхто не гатовы. Таму ўкраінцам ня варта чакаць, што NATO зьменіць сваю практыку і ступіць на шлях, вынік якога невядомы.

— На саміце NATO адбыўся паказальны абмен рэплікамі, калі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі вымушаны быў камэнтаваць словы міністра абароны Вялікай Брытаніі Бэна Ўолеса, які заклікаў Украіну выказваць больш падзякі партнэрам за вайсковую падтрымку, замест таго каб пастаянна патрабаваць разблякаваньня новых відаў узбраеньняў. Ці робіць Захад усё, што магчыма на гэты момант? Або, можа, сапраўды наўмысна абмяжоўвае сваю дапамогу Ўкраіне, як сьцьвярджаюць некаторыя кансьпіролягі?

— Я лічу, што справа даволі простая. Мы павінны прызнаць, што краіны NATO не зрабілі дастаткова ў першыя тыдні і месяцы вайны. Але мы таксама разумеем, якое на Захадзе было ўяўленьне пра Ўкраіну ў першыя дні вайны.

Цяпер, мне здаецца, робіцца дастаткова. Захад пастаўляе ўсё больш, але ж натуральна, што там таксама ёсьць свае абмежаваньні. І тое, што заходнія кампаніі прыходзяць ва Ўкраіну, каб вырабляць узбраеньні там, паказвае, што NATO падрыхтаванае да доўгатэрміновай вайны і працяглай дапамогі Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з Джо Байдэнам у Вільні

— На саміце ў Вільні ў розных аспэктах прысутнічала і беларуская тэматыка, у пэўных мерапрыемствах брала ўдзел дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Як на сёньня можна сфармуляваць стаўленьне NATO да беларускай тэмы? Апэрацыю «Бура ў балоце», здаецца, ніхто не плянуе. Але ў чым тады стратэгія?

— Для Захаду вольныя і незалежныя Беларусь і Ўкраіна былі б доўгатэрміновым падмуркам для стабільнасьці ў рэгіёне. Але Расея ня будзе нападаць на Польшчу ці Нямеччыну, яна на гэта ня пойдзе.

Гэта такі неабходны ўступ, каб адказаць на ваша пытаньне. NATO ня будзе нічога рабіць зь Беларусьсю, пакуль зь Беларусі ня будзе прамой пагрозы чальцам NATO. Калі Лукашэнка пашле ўмоўную ПВК «Вагнэр» прарвацца праз польскую мяжу, то тут NATO можа ўмяшацца. Будзе гэта зроблена маскоўскімі рукамі ці па дурасьці менскага рэжыму, але толькі тады NATO можа зрабіць нейкі адказ на адпаведны напад з тэрыторыі Беларусі.

Зараз Байдэн згадвае Беларусь, ставіць яе ў адзін шэраг разам з Малдовай, Грузіяй, Украінай, але ніякіх інструмэнтаў, каб зьмяніць гэты рэжым, непасрэдна падтрымаць беларускі народ, у Захаду няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Заходняя Эўропа бачаць Лукашэнку ня так, як суседзі Беларусі, — эўрапейскі рэдактар Свабоды

— Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што «можна ўжо разгортваць дыскусіі і пра сяброўства ў Эўразьвязе, і пра сяброўства ў NATO».

— Я думаю, гэта важная заява, якая паказвае даволі істотную эвалюцыю Ціханоўскай як палітыка. Мы памятаем, якая была рыторыка ў адносінах да Масквы ў Ціханоўскай да вайны. Ціханоўская эвалюцыянуе разам са сваімі «выбарнікамі», якія таксама радыкалізуюцца, падтрымліваюць полк Каліноўскага, Украіну і гэтак далей.

Але, на жаль, яна нічога ня можа зрабіць у дачыненьнях з NATO. Я ня бачу, каб краіны NATO падпісвалі нейкія мэмарандумы зь Ціханоўскай, бо яна не кантралюе ніякіх беларускіх структур, якія маглі б стаць партнэрамі ў перамовах з NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два дні саміту NATO з журналістам Свабоды. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША накіруюць у Эўропу да 3 тысяч рэзэрвістаў