Як стала вядома карэспандэнтам Радыё Свабода, пасьля прамовы Джо Байдэна каманда прэзыдэнта ЗША правяла Сьвятлану Ціханоўскую ў памяшканьне, дзе ён знаходзіўся. Ціханоўская была адзінай асобай, якая ўвайшла ў памяшканьне.
Пазьней у тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай зьявілася пацьверджаньне факту сустрэчы.
«Вельмі ўдзячная прэзідэнту за гэтую сустрэчу. Я данесла яму нашую пазыцыю, расказала, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленьне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разьлічваць на падтрымку ЗША», — пракамэнтавала лідэрка дэмакратычных сілаў.
Падчас прамовы Байдэна ў Вільні Ціханоўская знаходзілася на трыбуне разам з прэзыдэнтам Літвы, экс-прэзыдэнтамі, чальцамі літоўскага ўраду.
Выступаючы 12 ліпеня ў Віленскім унівэрсытэце па выніках саміту NATO, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, сярод іншага, выказаў словы падтрымкі жыхарам Беларусі, Малдовы, Грузіі і «ўсіх краінаў, дзе працягваюць барацьбу за свабоду».