Беларускія памежнікі абвінавацілі літоўскага калегу ў парушэньні мяжы

Так беларускі ДПК ілюстраваў меркаваны момант парушэньня мяжы ўзброеным літоўскім памежнікам, 13 ліпеня 2023, Каменны Лог

Супрацоўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падчас афармленьня грамадзян у пункце пропуску ў Медніках (Каменны Лог) 13 ліпеня парушыў беларускую мяжу, сьцьвярджае прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.

«Узброены прадстаўнік літоўскага памежнага ведамства зайшоў на беларускую тэрыторыю на некалькі мэтраў і вярнуўся назад. Інцыдэнт зафіксаваны камэрамі назіраньня. Аб факце незаконнага перасячэньня беларускай мяжы ў вызначаным парадку праінфармаваны сумежны бок», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Паводле інфармацыі ДПК, 25 красавіка ў гэтым жа пункце пропуску «двое іншаземцаў пры правядзеньні тэхнічных работ таксама парушылі мяжу зь Літвы ў Беларусь».

Літоўскі бок пакуль не камэнтаваў сытуацыі, не пацьвярджаў і не зьняпраўджваў словы ДПК Беларусі.

Беларускія памежнікі ўжо ня ўпершыню абвінавачваюць памежнікаў суседніх Літвы, Польшчы, Латвіі і Ўкраіны ў правакацыях і парушэньнях мяжы. Украіна і краіны ЭЗ неаднаразова фіксавалі на фота і відэа дапамогу беларускіх памежнікаў нелегальнай міграцыі.

Актыўны этап мігранцкага крызісу завяршыўся, але штодня невялікія групкі мігрантаў спрабуюць незаконна перасячы межы і трапіць зь Беларусі ў Эўразьвяз. Улады ў Вільні, Варшаве і Рызе вінавацяць у арганізацыі правакацый рэжым Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакістанец, празь якога закрывалі пункт пропуску ў Медніках, папрасіў прытулку ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз рамонт дарогі павялічацца чэргі на мяжы Беларусі зь Літвой