«На нас ні вайна, ні рэпрэсіі не ўплываюць». Гісторыя каханьня беларуса і ўкраінкі

Андрэй і Галіна

Беларускі палітуцякач расказаў, як, выехаўшы з радзімы, пазнаёміўся з украінкай; як рэагуюць на пару сем’і закаханых і што яны плянуюць рабіць далей.

Свабода працягвае публікацыю гісторый каханьня беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму і будуюць новае жыцьцё за мяжой разам са сваімі любымі. Мы пісалі пра гісторыю пары дальнабойнікаў Ксеніі і Яраслава Максімовічаў. Сёньня раскажам пра беларуса Андрэя і ўкраінку Галіну.

Андрэй выехаў зь Беларусі яшчэ ў 2021 годзе празь перасьлед. Хлопец расказвае, што квіток у Варшаву купляў за апошнія грошы. Паступова пазнаёміўся зь мясцовымі, знайшоў працу ў сфэры арганізацыі мерапрыемстваў. Зараз ужо можа сам сябе забясьпечваць, здымае кватэру. У кастрычніку 2022 году ў Варшаве Андрэй сустрэў Галіну, якая зьехала з Украіны ад вайны.

«Пазнаёміліся мы выпадкова ў нейкай мабільнай аплікацыі. Я шукаў сабе дзяўчыну, і вось мы абмяняліся інстаграмам. Тады Галіна сказала, што калі б у мяне не было пазначана, што я не люблю расейцаў, то яна б са мной нават не пайшла б на спатканьне, нікуды наагул. Вось мы пазнаёміліся зь дзяўчынай у кастрычніку, а дзесьці ў лістападзе вырашылі, што ўсё окэй, мы адно аднаму вельмі падабаемся», — сьмяецца Андрэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фуры

«Дзяўчаты з Украіны вельмі хітрыя»

Галіна нарадзілася і жыла ў невялікім пасёлку пад Кіевам, які быў пад акупацыяй два месяцы. Празь яе малую радзіму прайшлі тыя самыя расейскія салдаты, якія разьмяшчаліся ў Ірпяні, Бучы, Гастомелі. З Украіны дзяўчына выехала са сваёй сястрой і сваячкай. Утрох з траімі дзецьмі яны пераехалі ў Варшаву, дзе з дапамогай мясцовых знайшлі жытло і працу. Андрэй кажа, што стасункі з маці Галіны ў яго таксама наладзіліся.

«Яна прыяжджала на Новы год, мы пазнаёміліся, абмяняліся падарункамі. Клясныя шкарпэткі мне падарыла, на іх напісана „тапчу русьню“. За сталом таксама я трохі хваляваўся ад такога знаёмства. Вырашыў папрасіць прабачэньня за тое, што мы не змаглі, што мы вельмі перажываем, што ў 2020 годзе не справіліся», — дзеліцца Андрэй.

Андрэй і Галіна

Хлопец кажа, што і Галіна, і яе сваякі ведалі беларускія навіны, нават цікавіліся імі. Бачылі падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе па ўкраінскай тэлевізіі. Сам Андрэй ва Ўкраіне ніколі не быў. На яго думку, ёсьць вялікая частка ўкраінцаў, якія не разумеюць, што адбывалася ў Беларусі падчас пасьлявыбарных пратэстаў і што ў краіне робіцца цяпер.

Андрэй кажа, што яго ўласная маці да выбару сына спачатку паставілася трошкі скептычна.

«Маёй маме цяжка размаўляць пра палітыку. Ад таго, што мама такі савецкі закаранелы чалавек, у яе ёсьць нейкая ўстаноўка, што дзяўчаты з Украіны вельмі хітрыя. Яна казала: «Глядзі, акуратна». Я адказваў: «Мама, прайшло шмат гадоў, шмат чаго зьмянілася, не хачу нават слухаць гэтага».

«На нас ні вайна, ні рэпрэсіі не ўплываюць ніяк»

Пара прызнаецца, што паміж сабой яны зараз збольшага размаўляюць па-расейску.

«Яна беларускай ня вучыць, але да мяне нейкія яе словы прыліпаюць. Я часам устаўляю беларускія, украінскія словы. Яна наогул суржыкам гаворыць, а не на чыстай украінскай мове. У яе дзіця ёсьць ад мінулага шлюбу і вось зь ім стараюся максымальна нейкія словы на ўкраінскай устаўляць, каб менш расейскай мовы было», — гаворыць Андрэй.

Закаханыя кажуць, што амаль ня сварацца. Напружаньне ў размовах, спрэчкі выклікае толькі адно пытаньне, і зьвязана яно з палітыкай і вайной.

Андрэй і Галіна

«Мне крыўдна, што беларусы з 2014 года гінуць ва Ўкраіне, а да нас ні разу ніводзін украінец не прыехаў. Яны крыўдзяцца на нас, беларусаў, што мы нічога нібыта не робім, хоць яны не асабліва дасьведчаныя пра нашу сытуацыю. На іх шчасьце, яны ня ведаюць, што такое дыктатура ў краіне. І праз гэта ў нас з Галінай бывае непаразуменьне. Але калі мы і сварымся, то хутка мірымся, разумеем адно аднаго», — гаворыць Андрэй.

Цяпер Андрэй хоча знайсьці сабе сталую працу. Пара занятая тым, каб забясьпечыць сябе лепш, знайсьці лепшае жытло, арганізаваць адпачынак для сына Галіны. Андрэй разьлічвае, што ўсё гэта атрымаецца зрабіць бліжэй да зімы.

Мы працягнем цыкль публікацый пра каханьне беларусаў падчас вайны і рэпрэсій. Калі вы хочаце расказаць сваю гісторыю або ведаеце тых, хто знайшоў сваё шчасьце, нягледзячы на эміграцыю, зьвяжыцеся з намі ў сацсетках ці праз форму бясьпечнай сувязі.