МЗС Расеі прапанаваў абавязаць грамадзянаў апавяшчаць пра ВНЖ

Міністэрства замежных спраў Расеі апублікавала праект загаду, згодна зь якім расейцы павінны будуць паведамляць дыпляматычным органам аб атрыманьні дакумэнтаў, якія дазваляюць пражываньне ў іншых краінах.

Размова ідзе аб грамадзянстве, відзе на жыхарства або «іншым дакумэнце, які пацьвярджае права на пастаяннае пражываньне» у іншай дзяржаве. Згодна з праектам загада, паведаміць аб атрыманьні такога дакумэнта трэба на працягу 60 дзён. Для гэтага неабходна асабіста зьявіцца ў консульства ці пасольства Расеі і падаць адпаведныя дакумэнты.

Акрамя таго, расейцы таксама будуць павінны апавяшчаць консульствы аб страце грамадзянства або ВНЖ.

Аўтары дакумэнта прапанавалі, каб новы парадак апавяшчэньняў уступіў у сілу з 26 кастрычніка 2023 года.

  • Цяпер расейцы павінны паведамляць аб атрыманьні ВНЖ ці ПМЖ у МУС Расеі і толькі па прыезьдзе ў Расею. За несвоечасовае прадастаўленьне такіх зьвестак прадугледжана пакараньне ў выглядзе абавязковых працаў да 400 гадзін або штраф у памеры да 200 тысяч рублёў.
  • У Беларусі 11 ліпеня ўступіў у дзеяньне закон аб грамадзянстве ў новай рэдакцыі, у адпаведнасьці зь якім грамадзяне РБ, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, часовы альбо сталы від на жыхарства ці іншыя дакумэнты замежнай дзяржавы, цягам трох месяцаў з дня атрыманьня дакумэнта абавязаныя праінфармаваць пра гэтым МУС Беларусі альбо дыпляматычнае прадстаўніцтва. За непрадастаўленьне дадзеных закон не прадугледжвае ні адміністратыўнай, ні крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб захаваць беларускі пашпарт, давядзецца адседзець? Расказваем пра новы закон «Аб грамадзянстве»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі, што на мяжы ў грамадзян Беларусі патрабуюць адмовіцца ад «карты паляка». У памежнікаў абвяргаюць