Як адзначаецца ў пастанове Кабінэту, Алесь Мікалаевіч Пушкін — вядомы беларускі жывапісец-нонканфарміст, выбітны беларускі патрыёт з выразнай грамадзянскай пазыцыяй, чалавек няскоранага духу, «які ўсё сваё жыцьцё аддаў Радзіме і беларускай мове» і «страціў жыцьцё, будучы закладнікам рэжыму падчас зьняволеньня ў турме».
За «выключную адданасьць у служэньні Беларусі» Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі пасьмяротна ўзнагародзіў Алеся Пушкіна мэдалём «Гонар і годнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці: Алесь Пушкін. «Патрыёт, які любіў сваю краіну больш за жыцьцё»11 ліпеня ў рэанімацыі пры нявысьветленых абставінах памёр палітычны вязень, мастак Алесь Пушкін.
Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, Алеся Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні непрытомнага. Яму рабілі апэрацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.
Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам у справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу ў судзе Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.
Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. 22 лістапада 2022 году Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не выконвае абавязаньні аб абароне права на жыцьцё, — праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды сьмерці Алеся ПушкінаАлесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 году, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзёньнік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў.
Алесь Пушкін быў жанаты. У яго засталася жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.