Навіны палітвязьняў: Зьмітра Дашкевіча перавялі ў жодзінскі СІЗА; справу Арцёма Лябедзькі хутка перададуць у суд

Зьміцер Дашкевіч, архіўнае фота 2021 году

Па стане на 12 ліпеня, праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі вязьнямі 1483 чалавекі. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Дашкевіча перавялі ў жодзінскі СІЗА

Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча перавялі ў Сьледчы ізалятар Жодзіна. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку 12 ліпеня ягоная жонка Наста Дашкевіч.

«Я ня ведаю навошта яшчэ ўсе гэтыя прыгоды. Навошта пазбаўляць чатырох дзяцей таты. Мы ціха адседзелі свой цяжкі тэрмін, спаўна сплацілі сваё. І аддалі нават болей, чым маглі.

Зьміцер Дашкевіч пераведзены ў СІЗА ў Жодзіна», — напісала Наста Дашкевіч.

11 ліпеня Зьміцер Дашкевіч мусіў выйсьці на волю з папраўчай калёніі № 14 у Навасадах, але на яго завялі новую крымінальную справу. Палітзьняволенаму ставяць у віну арт. 411. КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Паводле новых абвінавачаньняў Зьмітру можа пагражаць да 2 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Зьмітра Дашкевіча, які 11 ліпеня мусіў выйсьці на волю, завялі новую крымінальную справу

Зьмітра Дашкевіча разам з жонкай Настай суд Маскоўскага раёну г. Менску 14 ліпеня 2022 году асудзіў за «ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Зьмітра пакаралі 1,5 года калёніі, Насту — 3 гадамі «хатняй хіміі».

Справу Арцёма Лябедзькі хутка перададуць у суд

«Сьледзтва па справе сына ўжо завершанае, і ў хуткім часе яе перададуць у суд, — распавёў „Народнай Волі“ ягоны бацька Анатоль Лябедзька. — Для мяне абсалютна відавочна, што гэта справа — палітычная».

Як адзначыў Анатоль Лябедзька, наколькі яму вядома, большасьці тых, каго абвінавачвалі ў фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці, давалі магчымасьць выплаціць штрафную кампэнсацыю, і на гэтым перасьлед спыняўся. Ягонаму сыну такога не прапаноўвалі, што, на думку Лябедзькі, «яшчэ раз падкрэслівае палітычны падтэкст справы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сына Анатоля Лябедзькі перавялі на «Валадарку». Супраць яго пачалі крымінальную справу

Пра затрыманьне 37-гадовага Арцёма Лябедзькі стала вядома напрыканцы сакавіка 2023 году. Спачатку яму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Паводле абвінавачаньня, Арцём Лябедзька нібыта стаяў каля міліцыянтаў і нецэнзурна лаяўся. Потым дадалі яшчэ 15 сутак — нібыта «за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі і супраціў ім».

На волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Арцём Лябедзька так і ня выйшаў, яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Нядаўна яму прад’явілі афіцыйнае абвінавачваньне. Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу.

Палітвязьня, якога ўжо асудзілі на 6 гадоў, будуць судзіць зноў

13 ліпеня ў судзе Першамайскага раёну Менску пачнецца другі суд над палітвязьнем Мікалаем Васілевічам. Цяпер яго абвінавачваюць у «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці» паводле ч. 2 арт. 290-1 КК. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сьвятлана Чараповіч, паведамляе «Вясна».

6 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе Мікалая Васілевіча асудзілі да 6 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі ў фінансаваньні «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-2 КК) і фінансаваньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-1 КК).

Вядома, што да затрыманьня мужчына працаваў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. У пачатку студзеня КДБ Беларусі ўнёс ягонае прозьвішча ў «сьпіс тэрарыстаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя хваля рэпрэсіяў у Беларусі, відаць, самая жорсткая», — даклад праваабаронцаў