Уладзімір Зяленскі назваў «добрымі» для Ўкраіны вынікі саміту NATO ў Вільні, прызнаўшы, што краіна ня можа стаць сябрам Альянсу, пакуль на яе тэрыторыі ідзе вайна.
«Мы адэкватныя людзі, мы разумеем, нам дапамагаюць партнэры — яны пастаўляюць зброю, гэта дапамагае нам выжываць, нам гэта вельмі трэба. Мы разумеем, што нехта зараз баіцца гаварыць пра наша сяброўства ў NATO, бо ніхто ня хоча разьвязаць сусьветную вайну. Сапраўды, гэта лягічна і зразумела, я хачу, каб усё гэта разумелі. Мы цывілізаваныя і нармальныя людзі, мы разумеем, што пакуль ідзе вайна, Украіна ня можа быць чальцом NATO», — адзначыў Зяленскі.
Ён таксама паведаміў, што на сустрэчы з прадстаўнікамі краін-удзельніц Альянсу прагучалі важныя сыгналы аб тым, што Ўкраіна будзе сябрам NATO.
«Гэтая ўпэўненасьць, як мне здаецца, адчуваецца ўпершыню. Мы станем чальцом NATO, калі будуць умовы. Я разумею, што гэта адбудзецца тады, калі на нашай зямлі будзе бясьпечна», — рэзюмаваў прэзыдэнт Украіны.
Гаворачы аб прадастаўленьні NATO гарантый бясьпекі Ўкраіне, Зяленскі заявіў, што анансаваныя на саміце гарантыі могуць стаць першым юрыдычным дакумэнтам для краіны.
«Гэта не дадатковыя гарантыі. У нас няма рэальных юрыдычных гарантый, у нас ёсьць фактычныя гарантыі — фінансавыя, санкцыйныя, абаронныя», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і 11 заходніх краін стварылі кааліцыю для падрыхтоўкі ўкраінскіх пілётаў на F-16У сваю чаргу, Енс Столтэнбэрг заявіў, што Ўкраіна «бліжэй да NATO, чым калі-небудзь», дадаўшы, што краіна стане часткай Альянсу пасьля выкананьня ўсіх высунутых ёй умоў. Ён таксама падкрэсьліў, што ўсе чальцы NATO пагадзіліся з тым, каб устараніць Плян дзеяньняў для сяброўства, што, паводле слоў Столтэнбэрга, зьменіць шлях Украіны ў NATO з двухэтапнага на аднаэтапны.
Генэральны сакратар NATO таксама паведаміў аб заснаваньні рады NATO — Украіна.
«Гэта адзін з трох элемэнтаў, які ўваходзіць у пакет таго, што мы ўзгаднілі сёньня, які забясьпечвае тое, што Ўкраіна будзе яшчэ бліжэй да сяброўства ў NATO. Мэта гэтага рашэньня — умацаваць палітычныя сувязі і ўзаемадзеяньне паміж NATO і Украінай. Мы запросім Украіну ў NATO, калі саюзьнікі пагодзяцца, што патрабаваньні выкананыя. Украіна атрымае доўгатэрміновыя гарантыі бясьпекі — гэта дапаможа стрымліваць Расею пасьля заканчэньня вайны, пакуль Украіна ідзе ў NATO», — адзначыў Столтэнбэрг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны адрэгаваў на вынікі саміту: «Наш шлях у NATO стаў карацейшым»Напярэдадні Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў краіны NATO за, на яго думку, нерашучую пазыцыю ў пытаньні членства Ўкраіны ў арганізацыі. Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, «па дарозе ў Вільню мы атрымалі сыгналы аб тым, што пэўныя фармулёўкі абмяркоўваюцца без Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь страціла сувэрэнітэт, гэта частка Расеі». Што кіраўнікі Латвіі, Польшчы, Эстоніі сказалі ў Вільні