У абласных цэнтрах Беларусі стварылі тры новыя атрады спэцназу ўнутраных войскаў МУС. Яны ўжо дзейнічаюць, расказаў камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, які 11 ліпеня наведаў заняткі па баявой падрыхтоўцы атраду «Шторм», паведамляе МУС.
Новыя спэцпадразьдзяленьні ва ўнутраных войсках ствараюцца «з мэтай узмацненьня нашых баявых магчымасьцяў у асаблівы пэрыяд», расказаў камандуючы ўнутранымі войскамі Карпянкоў. Ён адзначыў, што сёньня вялікую ўвагу аддаюць баявой падрыхтоўцы байцоў.
«Гэтыя спэцпадразьдзяленьні трэніраваліся інструктарамі САХРу, інструктарамі, якія маюць баявы вопыт, якія прайшлі і Сырыю, і Лібію. Сёньня ў нас ідуць перамовы з прадстаўнікамі ПВК „Вагнэра“, якія разам з намі будуць займацца баявой падрыхтоўкай, перадаваць свой бясцэнны баявы досьвед», — сказаў Карпянкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны ідэоляг Мінабароны: Беларускае войска гатовае «пераняць найбагацейшы вопыт ПВК „Вагнэра“»Паводле яго, ужо ёсьць тры атрады — «Шторм» у Берасьці, «Тайфун» у Горадні і «Буран» у Гомлі, стварылі іх два месяцы таму. Цяпер падразьдзяленьні ўкамплектаваныя, баяздольныя і выконваюць баявыя задачы, сказаў Карпянкоў. У атрады набралі кантрактнікаў з практыкай службы ў МУС ня менш як 3–5 гадоў.
Атрады ўжо атрымліваюць бронемашыны. Як адзначыў Карпянкоў, ёсьць таксама цеплавізійныя прыборы і прыцэлы, квадракоптары і бесьпілётныя лятальныя апараты — выведныя і ўдарныя.
«Гэтыя падразьдзяленьні прызначаныя для вядзеньня баявых дзеяньняў, для барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі ў асаблівы пэрыяд. Ну, а ў паўсядзённай дзейнасьці гэтыя падразьдзяленьні ўжо нясуць службу ў памежжы і выконваюць задачы па забесьпячэньні сілавога прыкрыцьця нашага апэратыўнага складу», — расказаў Карпянкоў.
Байцы новых атрадаў, паводле яго, падрыхтаваныя, высокаматываваныя, могуць выконваць задачы любой складанасьці і здольныя «забясьпечыць мір і парадак у нашай краіне».
Як адзначылі ў МУС, цяпер ва ўнутраных войсках праводзіцца «шырокамаштабная работа па фармаваньні падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знак якасьці патрыёта». Карпянкоў паабяцаў выпускнікам ваенна-патрыятычных клюбаў ільготы пры паступленьні