У інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба расказаў пра бачаньне Кіевам першых вынікаў віленскага саміту NATO:
«На гэтым саміце былі прынятыя некаторыя вельмі важныя рашэньні, якія робяць шлях Украіны ў NATO карацейшым. Напрыклад, адмена Пляну дзеяньняў для сяброўства ў NATO. Гэта вельмі вялікая гісторыя. Яшчэ паўгода таму ніхто нават не адважваўся гаварыць пра гэта.
Другое рашэньне — гэта стварэньне Рады Ўкраіна-NATO, але ня проста стварэньне Рады. У самой Радзе нічога такога няма. Але важная дэталь: да гэтага, напрыклад, існавала Рада Расея — NATO. І гэта быў фармат прывілеяванага партнэрства. А мы настаялі на тым, каб у правілах працэдуры Рады Ўкраіна — NATO было дакладна напісана, што гэта інструмэнт набліжэньня сяброўства Ўкраіны (да альянсу)».
Дзьмітро Кулеба адзначыў, што ёсьць і рашэньне, якое іх адкрыта засмуціла.
«І сёньня, 11 ліпеня, мы цэлы дзень гаворым пра гэта з саюзьнікамі. Гэта вельмі, занадта агульная фармулёўка на запрашэньне. І тут ёсьць дзьве школы, думкі. Адны кажуць: вы павінны быць шчасьлівымі, што ў прынцыпе словы „запрашэньня“ і „Ўкраіна“ зьявіліся побач. Але нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў Дзьмітры Кулеба, падкрэсьліўшы, што ва Ўкраіне засмучаныя тым, што няма дакладнага індыкатара, калі краіна атрымае запрашэньне стаць сябрам NATO.
У камюніке, пад якім расьпісаліся ўсе саюзьнікі, гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе яго сябры і калі, адпаведна, дазволяць умовы.
На пытаньне, выкананьне якіх менавіта ўмоў хочуць ад Украіны, Кулеба адказаў — «невядома».
«Яшчэ раз падкрэсьлю, пасьля саміту ў Вільні шлях у NATO стаў карацейшым, але не стаў хутчэйшым. І таму мы павінны зараз рэалізаваць рашэньне Віленскага саміту такім чынам, каб паскорыць нашу інтэграцыю», — Дзьмітро Кулеба.
Сяброўства Ўкраіны ў NATO ўзмоцніць сам альянс, зробіць краіну больш абароненай і, галоўнае, яно будзе прадухіляць новыя агрэсіі ў Эўропе, адзначыў Кулеба.
«Гэта непазьбежны гістарычны працэс. Але пытаньне ў тым, што нехта хоча, каб гэта адбылося праз шмат гадоў, а мы хочам, каб гэта адбылося нашмат хутчэй. І, нарэшце, я думаю, што будзе менавіта так, як мы жадаем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі раскрытыкаваў краіны NATO за нерашучую пазыцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні пачаўся саміт NATO. Чакаецца, што лідэры краін альянсу ўхваляць рашэньні аб Украіне і Беларусі