За кароткі час у горадзенскай турме Алесь Пушкін схуднеў на 20 кіляграмаў, дагэтуль у івацэвіцкай калёніі яго моцна прэсавалі. Свабода даведалася пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця вядомага мастака і палітычнага зьняволенага, які памёр у ноч з 10 на 11 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь ПушкінМастака затрымалі 30 сакавіка 2021 году, суд прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі. У канцы 2022 году Пушкіна з івацэвіцкай калёніі перавялі ў горадзенскую турму.
11 ліпеня праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на жонку палітзьняволенага мастака паведамілі пра яго сьмерць у лякарні Горадні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 57-гадовы Алесь Пушкін знаходзіўся ў горадзенскай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі пад аховай міліцэйскага канвою.
Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні непрытомнага. Яму рабілі апэрацыю. Падчас яе сэрца Алеся Пушкіна спынілася.
«Яго моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову»
Свабода таксама пагутарыла са сваячкай палітвязьня, блізкі чалавек якой ведаў Алеся Пушкіна па івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы». Там мастак адбываў пакараньне да пераводу ў горадзенскую турму. Марына (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала пра стаўленьне да палітвязьня ў калёніі.
«Алеся моцна прэсавалі ў „Воўчых норах“ супрацоўнікі калёніі. Таму што ён не ад сьвету гэтага, ён творчы чалавек. Там жа, у калёніі, трэба хадзіць толькі ў суправаджэньні канвою ці строем, выконваць усе патрабаваньні. А ён недзе мог забыцца, недзе пайсьці адзін, без канвою, проста ад такой творчай натуры і разгубленасьці. Алесь мог забыцца, што ў яго алоўкі ці альбом „лішні“ ў тумбачцы. А канвойныя і стукачы гэтым карысталіся і вешалі на яго парушэньне за парушэньнем, кідалі то ў ШЫЗА, то затым у ПКТ», — расказала суразмоўца.
Яна дадала, што ціснулі на мастака і за беларускую мову. «Бо канвою беларуская мова не падабалася, а Алесь не хацеў пераходзіць на расейскую зь імі», — зазначыла Марына.
Суразмоўца расказала, што Алесь маляваў для вязьняў партрэты іх матак, жонак, дзяцей, «нікому не адмаўляў».
«Ён стараўся падтрымліваць іншых вязьняў, быў жыцьцярадасны, добра апавядаў, шмат ведаў, асабліва пра гісторыю Беларусі. Алесь быў вельмі добры, безадказны, але і трохі, па-творчы, наіўны. У калёніі выжываюць людзі такія, больш хітрыя. Алесь давяраў людзям, і нядобрыя маглі гэтым скарыстацца. Вязьні былі на баку Алеся, але канвойныя і стукачы шукалі толькі нагоды, каб павесіць чарговае парушэньне», — кажа Марына.
Яна таксама расказвае, што пасьля пераводу ў «крытую турму» ў Горадні Алесь мусіў там прабыць паўтары года, потым вярнуўся б у калёнію.
«Але ён адбыў там толькі шэсьць месяцаў. Я ведаю ад сваіх крыніц, што ён ня скардзіўся там на здароўе. Яму перадавалі прывітаньне ад вязьняў з Івацэвічаў, бо многія яго памяталі, перажывалі за яго. Я ведаю, што ён быў усьцешаны, яму было прыемна, што пра яго памятаюць», — кажа беларуска.
Як стала вядома Свабодзе, Алесь Пушкін трапіў у горадзенскі шпіталь учора, 10 ліпеня. У ноч з 10 на 11 ліпеня ён памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Алесь Пушкін, беларускі мастак, які памёр у зьняволеньніАлесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі ў зьдзеку з дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).
Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.
Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малюнкі Алеся Пушкіна з турмы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аднаўленьні палаца ў Жылічах удзельнічаў мастак-палітвязень Алесь Пушкін. Там яго і арыштавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён іх заўсёды раздражняў сваёй беларускай мовай». Згадвае сяброўка Пушкіна, чые партрэты ён маляваў за кратамі