Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 года, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Аўганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзённік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў.
Алесь Пушкін быў жанаты. У яго засталася жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь ПушкінПэрфомансы і арышты Алеся Пушкіна
Упершыню Алесь Пушкін стаў фігурантам адміністрацыйнай і крымінальнай справы яшчэ ў часы СССР. У 1988 годзе атрымаў 5 дзён арышту за тое, што заклікаў людзей выходзіць на «Дзяды».
25 сакавіка 1989 правёў у Менску на тагачасным Ленінскім праспэкце пікет з нагоды 71-й гадавіны незалежнасьці БНР, чым фактычна паклаў пачатак публічнаму адзначэньню гэтай даты. Быў асуджаны на два гады ўмоўна.
Наступны судовы працэс над Алесем Пушкіным прайшоў у ліпені 1999-га, калі Пушкін зьявіўся ля будынку адміністрацыі Лукашэнкі з тачкай гною, у якую ўсадзіў драўляную таблічку з падзякай першаму прэзыдэнту: «За працу».
Мастака тут жа схапілі міліцыянты, але ўжо празь некалькі гадзін адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Пазьней Пушкіна асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.
«Суткі» Пушкін атрымліваў перад выбарамі 2006 і 2010 гадоў. Пэрформанс, зладжаны ў чэрвені 2019 году на прыступках крамы «Эўраопт», скончыўся для мастака штрафам.
У 2020 годзе Алесь удзельнічаў у менскіх акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года. Яго затрымалі ў цэнтры Менска і жорска пабілі. праз некалькі дзён адпусцілі.
26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна праз тое, што на выставе ў гродзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця» дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. Убачылі ў гэтым «рэабілітацыю нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся артыкул за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
Алесь Пушкін даведаўся пра крымінальную справу, але не адмяніў вылет з Украіны, дзе ў яго была выстаўка, і вечарам таго ж дня вярнуўся ў Беларусь. Уначы спэцслужбы правялі вобшук у яго майстэрні.
29 сакавіка 2021 Алеся Пушкіна звольнілі з «Белрэстаўрацыі», дзе на той час працаваў, а на наступны дзень яго затрымалі і зьняволілі.
Мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.
У часе суда 10 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін лёг на лаўку і адмовіўся з яе ўставаць, суд зрабілі закрытым. 25 сакавіка на пасяджэньні суда ён у знак пратэсту парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін быў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня.
11 ліпеня 2023 жонка Алеся Пушкіна паведаміла аб сьмерці мужа. Абставіны сьмерці дагэтуль невядомыя.
Знаёмыя Пушкіна падкрэсьлівалі, што Алесь Пушкін у сакавіку 2021 году вяртаўся зь Кіева ў Беларусь, ужо ведаючы пра магчымы арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіць