«Я тады проста дурылася», — так былая менская студэнтка Дана Чвяляева цяпер гаворыць пра відэа, якое год таму стала прычынай яе затрыманьня супрацоўнікамі ГУБАЗІКа. А цяпер — і ўцёкаў зь Беларусі ў Літву.
Дана кажа, што да падзей 2020 году не асабліва цікавілася палітыкай. Да беларускага рэжыму ў яе, будучай архітэктаркі, былі хіба што эстэтычныя прэтэнзіі. Зусім не падабалася спалучэньне чырвонага зь зялёным і стыль паводзінаў ды прамоваў кіраўніка дзяржавы ды некаторых ягоных падначаленых. З астатнім неяк мірылася, прызнаецца суразмоўца.
Калі пасьля выбараў 2020 году ў краіне пачаліся пратэсты, а ў адказ на іх — гвалт над мірнымі грамадзянамі, ейная грамадзянская пазыцыя акрэсьлілася.
«Я жыла на праспэкце Прытыцкага, а там шмат што ў тыя дні адбывалася. Нагледзелася», — успамінае дзяўчына жнівень і верасень 2020 году.
Кажа, што сама на маршы не выходзіла, бо баялася пацярпець ад міліцэйскага гвалту. Спачувала, абуралася, абмякоўвала зь сяброўкамі, але трымалася ўбаку і думала, што ўдасца і далей заставацца «над бойкай». Сытуацыя зноў зьмянілася ў лютым 2022 году, калі Расея напала на Ўкраіну.
«Скрутак з мапамі сам падказаў сюжэт пародыі»
«Мы зь сяброўкай выправіліся „на абмеры“ — гэта такія практычныя заняткі, частка навучальнага працэсу для будучых архітэктараў», — расказала Дана пра той дзень, 25 красавіка 2022 году.
Напярэдадні дзяўчына ўбачыла кадры з Лукашэнкам, на якіх ён у самым пачатку вайны перад мапай Украіны тлумачыў, адкуль нібыта ўкраінская армія зьбіралася напасьці на Беларусь. Дана гаворыць, што спачатку ёй хацелася сьмяяцца з гэтага відовішча.
«І вось мы едзем «на абмеры», а ў мяне з сабой скрутак з мапамі. Відаць, гэты скрутак сам падказаў сюжэт той пародыі на Лукашэнку. Я дастаю мапы і пачынаю жартаваць, дурэць. Маўляў, зараз пакажу, адкуль на нас нападуць... І спачатку нават не заўважыла, як сяброўка ўключыла відэа на тэлефоне ды пачала запісваць мой жарт. А я імправізую, мы абедзьве сьмяёмся. Нават міліцыянты потым мне сказалі, што імправізавала я ўдала. А тады — усё. На два тыдні я забыла пра гэты ролік, нават не цікавілася, што зь ім сталася далей. Але праз два тыдні прыйшоў «адказ», і гэта быў кашмар!"— расказвае Дана.
У траўні 2022 году дзяўчына давучвалася на апошнім курсе Менскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжу. Рыхтавалася да іспытаў, абароны дыплёма. Марыла стаць архітэктарам, знайсьці ў Менску добрую працу па спэцыяльнасьці, праектаваць для людзей сучаснае жытло ці іншыя важныя аб’екты. Вучылася добра і, як сама кажа, не цуралася студэнцкага актывізму.
«Ні ў якія БРСМы я не ўступала, але калі трэба нешта арганізаваць ці проста паўдзельнічаць на просьбу адміністрацыі ў якой нармальнай акцыі, ішла з ахвотай. І раптам сярод заняткаў мяне выклікаюць да прарэктара, а знаёмая выкладчыца праводзіць з асуджэньнем: «Што ты, Дана, нарабіла?.».. Заходжу ў кабінэт, а там сядзяць тры незнаёмыя мне мужчыны з суровымі тварамі і адзін ад парогу кажа: «Нічога ня хочаце нам расказаць?». Адказала шчыра, што не хачу. Тады прагучала пытаньне: «А можа, нам раскажаце цяпер, адкуль на Беларусь рыхтавалі напад?». Тады мне ўсё стала зразумела, а той мужчына абвясьціў, што мне давядзецца паехаць зь імі ў пастарунак ды папярэдзіў, каб паводзіла сябе нармальна, «інакш надзенуць кайданкі».
«А, злавілі гэтую с*ку»
Сілавікі, якія прыехалі па Дану, былі з ГУБАЗІКу. Дзяўчына чула пра гэтую ўстанову, ведала, што там ня проста міліцыянты, а тыя, хто займаецца вышукам і затрыманьнем удзельнікаў пратэстаў 2020 году ды іншых «нязгодных з рэжымам». Чула і пра іх «выхаваўчыя» мэтады. Але не магла ўявіць, наколькі ўсё гэта адпавядае рэчаіснасьці.
«Пакуль везьлі ў „Джылі“ ў ГУБАЗІК, размаўлялі са мной нібыта нармальным тонам. Казалі: „Мы толькі хочам з табой пагаварыць“, вывучалі мой тэлефон. Але як прыехалі і завялі ў будынак, усё зьмянілася. Схапілі за рукі, нахілілі і гэтак вялі па калідорах, як небясьпечную злачынцу. Зь некаторых кабінэтаў, дзе былі раскрытыя дзьверы, на мяне крычалі, абкладалі мацюкамі. „А, злавілі гэтую с*ку!“ Уражаньне было, быццам усе два тыдні яны толькі мяне шукалі і цяпер усе задаволеныя, што трапіла ў іхныя рукі. Пачула тады такое, што і цяпер паўтарыць не магу», — запэўнівае дзяўчына.
Яшчэ адно незабыўнае ўражаньне былой студэнкі ад наведваньня ГУБАЗІКу — паўсюль на сьценах віселі дрэннай якасьці раздрукоўкі расейскіх сьцягоў і Z-сымболікі.
«Мяне гэта яшчэ абурала і як дызайнэра», — не хавае Дана агіды.
Першы допыт
Па словах Даны, стол сьледчага быў завалены скрыншотамі, у тым ліку зь яе сацсетак. Тады дзяўчына зразумела, што сілавікі ведаюць пра яе амаль усё. Але паступова, прызнаецца суразмоўца, яна пераканалася, што нічога крамольнага сьледчыя не знайшлі, і крыху супакоілася. Калі дайшло да пытаньняў аб тым, хто распаўсюдзіў відэа зь яе пародыяй на Лукашэнку, дзяўчына набралася сьмеласьці і сказала, што ня ведае прозьвішча гэтай дзяўчыны.
«Бачыліся зь ёй рэдка, выпадкова. Хіба імя ведаю».
Дана кажа, што супрацоўнікі ГУБАЗіК ёй нібыта паверылі, але дамоў не адпусьцілі. Аказалася, што супрацоўнікаў цікавіла ня толькі тое, «адкуль рыхтавалі напад на Беларусь».
«Яшчэ мне паказалі відэа, на якім нейкая дзяўчына са сьцягам уцякае ад АМАПу. Доўгія валасы, на вачах цёмныя акуляры. Маўляў, гэта нібыта я, мушу прызнацца. Але я адмовілася. Даказвала, што на відэа зусім іншы чалавек і, колькі ні палохалі, ціску не паддалася. І толькі тады сказалі, што мяне адпусьцяць. Але папярэдзілі, што наступным разам пасадзяць. Пакуль жа каб ехала дамоў».
Дана гаворыць, што адчула вялікую палёгку, калі прыехала з допыту. Але аказалася, што радавалася зарана.
«Мусіш даяркай у калгасе працаваць!»
«Толькі дабралася, толькі пасьпела напісаць сябрам: «Вы не ўяўляеце, дзе давялося пабываць!» — як мне зноў тэлефануе супрацоўнік міліцыі: «Дана? Калі ня хочаш непрыемнасьцяў, хутка прыяжджай зноў!» Дзяўчына памятае, што яе сустрэлі тыя ж міліцыянты, але цяпер яны выглядалі яшчэ больш строгімі. «Зноў мацюкі, пагрозы і сказалі, што гэтым разам са мной хоча пагаварыць іхны начальнік. Загадалі чакаць».
Чакаць невядомага начальніка дзяўчыне давялося ў вэстыбюлі амаль тры гадзіны. У нейкі момант праз дзьвярную шыбу Дана ўбачыла аўтамабіль, які прывёз пад ГУБАЗІК дзяўчыну — тую самую, якая на відэа ўцякала ад супрацоўнікаў АМАПу, загарнуўшыся ў бел-чырвона-белы сьцяг.
«Падумала, што цяпер ужо дакладна не адпусьцяць», — апісвае Дана свае перажываньні таго дня. А потым прыйшоў начальнік.
«Высокі, здаровы такі, кароткія валасы. Злосны твар, — апісвае дзяўчына сілавіка, які праводзіў зь ёй другі допыт. — Ён лаяўся на мяне і пры гэтым абзываў чамусьці „калгасьніцай“. Казаў, што „такія, як я, мусяць працаваць даяркамі“. Можа, лічыў гэтую працу самай прыніжальнай, ня ведаю. Таксама распытваў пра маё стаўленьне да вайны ва Ўкраіне, каго падтрымліваю. Але потым крыху супакоіўся, паклікаў падначаленых: „Ладна! Далей разьбірайцеся зь ёй самі“».
«Пакаяльнае» відэа
Дана зноў трапіла да сілавікоў, якіх ужо ведала па першым допыце. Неўзабаве ў кабінэт увялі каляжанку, якая запісала і выклала яе парадыйнае відэа ў TikTok. Аказваецца, яе вылічылі вельмі хутка па імені, згаданым у акаўнце. Дзяўчатам сказалі, што зь імі будуць запісваць відэа, трэба будзе прызнаць віну, папрасіць прабачэньня і паабяцаць, што такога больш не паўторыцца.
«Калі адмовімся, папярэдзілі, што з каледжу дакладна адлічаць», — успамінае Дана.
І расказвае падрабязнасьці запісу «пакаяльных» ролікаў.
«У іх ёсьць адмысловы пакой, нібы такая студыя, дзе яны запісваюць гэтыя звароты. Памятаю зялёную сьцяну. Кажуць стаць да яе, глядзець у камэру і гаварыць тое ды тое. Але мне цяжка было запомніць тэкст, я ўвесь час блыталася. Словы іхныя ня лезьлі ў галаву. Прымушалі спачатку некалькі разоў паўтарыць, каб запомніла. Нарэшце запісалі. Было прыкра, і па маім твары на тым відэа ўсё ж відаць, што гавару не сваімі словамі, а пад прымусам. Дагэтуль засталося адчуваньне нейкага маральнага гвалту, і яно ніколі ня зьнікне», — падзялілася дзяўчына.
Прызнаньне Даны разам з прызнаньнем яе сяброўкі і «дзяўчыны са сьцягам» неўзабаве зьявіліся на тэлеграм-канале ГУБАЗІКу, прычым з дадаткам, што ўсіх дзяўчат потым адпусьцілі. Але ці праўда гэта адносна трэцяй дзяўчыны, Дана ня ведае. Пазьней да яе даходзілі чуткі, што на дзяўчыну са сьцягам усё ж завялі крымінальную справу, аднак праверыць гэта не атрымалася.
Таксама Дана ня ведае, ці стрымалі супрацоўнікі ГУБАЗІКу сваё абяцаньне паклапаціцца пра тое, каб яе зь сяброўкай не адлічвалі з каледжу. Дзяўчына не выключае, што іх проста палохалі такой пагрозай.
«Потым з адміністрацыі мне ніхто нічога не даводзіў. Здала экзамэны, атрымала дыплём і ўсё, спакойна сышла».
Жыцьцё нібы ў іншай краіне
За год у жыцьці Даны нібыта нічога асабліва не зьмянілася, кажа дзяўчына. Але яна прызнаецца, што адчула сябе ў іншым асяродзьдзі, пазбавілася шмат якіх ілюзій. Расказвае пра гэта, не хаваючы расчараваньня.
«Пачну з таго, што нармальнай працы адпаведна свайму дыплёму архітэктара я на радзіме так і не знайшла. У дзяржаўную ўстанову мяне з маёй гісторыяй ня возьмуць, ды і працаваць там — толькі марнаваць час. Амаль ніякага прафэсійнага росту і малы заробак. Але і прыватнікі, уласьнікі архітэктурных бюро цяпер асьцерагаюцца браць на працу тых, хто хоць неяк быў датычны пратэстаў», — дзеліцца досьведам маладая спэцыялістка.
У выніку дзяўчыне давялося пагадзіцца на працу, зусім не зьвязаную з атрыманай прафэсіяй. Дана ўладкавалася ў сфэры гандлю, але і там, як аказалася, людзі баяцца нейкага падману, зьвязанага з палітыкай.
«У нашай краме „Оптыка“ быў кабінэт для вызначэньня якасьці зроку, каб дакладна падабраць акуляры. І там ёсьць такі тэст на вызначэньне колераў — старонка напалову зялёная, напалову чырвоная. Вы б ведалі, якая колькасьць людзей, калі праходзяць гэты тэст, пытаюцца, а чаму такія колеры? А ці гэта не праверка на ляяльнасьць? Ці можна не адказваць?».
Паводле Даны, значная частка жыхароў у цяперашняй Беларусі пачалі баяцца падазрэньняў у неляяльнасьці. Усё больш людзей «закрыліся», хаваюць свае погляды, прыстасоўваюцца да новай рэчаіснасьці.
«Мяркую, людзей ужо раздражняе гэтая чырвона-зялёная палітра навокал, але маўчаць, затаіліся, не пратэстуюць. А гэтых сьцягоў, плякатаў, бязглуздых заклікаў усё больш! Я дык дакладна глядзець на гэта ўжо не магла», — прызнаецца суразмоўца.
Акрамя стомленасьці ад дзяржаўнай прапаганды, дзяўчына гаворыць пра пастаянны стрэс ад чаканьня рэпрэсій.
«Дрэнныя навіны там атрымліваеш не з Telegram, як раней, а непасрэдна ад сяброў, пры асабістай сустрэчы. А гэта куды больш уражвае. Што найлепшага выкладчыка гісторыі з каледжу адправілі на 15 сутак за фотку маршу пратэсту. І яшчэ невядома, ці не пасадзяць зноў, ужо ў калёнію. Што настаўніка фізкультуры з маёй школы таксама пасадзілі. З каледжу ўвесь час прыходзяць навіны, што той ці іншы выкладчык мусіў звольніцца. Найлепшыя звальняюцца самі. Бо як цяпер робіцца? Альбо сам звальняйся, альбо... „Выбірай“. Гэта агульная цяпер такая абстаноўка ў краіне. Калі б за тое відэа з жартам мяне затрымалі цяпер, а ня год таму, ня думаю, што засталася б на волі», — мяркуе Дана.
Дзяўчына кажа, што 10 дзён таму ў яе проста скончыліся сілы і цярпеньне. Села ў аўтобус і выехала за мяжу. «У такую Беларусь, якая там цяпер, я не вярнуся. Вярнуся ў вольную, дэмакратычную».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымыя перамовы апазыцыі з рэжымам Лукашэнкі пра вызваленьне палітвязьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяда ў Менску»,— кіраўнік Радыё Свабода напісаў пра Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка ў часопісе «American Purpose»