«Я рады абвясьціць... што прэзыдэнт Эрадаган пагадзіўся накіраваць пратакол аб далучэньні Швэцыі ў Вялікі нацыянальны сход як мага хутчэй і шчыльна працаваць са сходам, каб забясьпечыць ратыфікацыю», — цытуе Столтэнбэрга агенцтва Reuters.
Генэральны сакратар NATO пры гэтым адмовіўся назваць дату, калі мае адбыцца ратыфікацыя.
Швэцыя падала заяўку на далучэньне да NATO разам зь Фінляндыяй увесну 2022 году ў выніку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Перш чым даць зялёнае сьвятло на далучэньне, Турэччына запатрабавала ад абедзьвюх краін, але асабліва ад Швэцыі, зьняць эмбарга на пастаўкі зброі ў Турэччыну, рэфармаваць антытэрарыстычныя законы і выдаць асобаў, якіх Анкара лічыць датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры рэчы, якіх чакаюць ад саміту NATO ў ВільніХоць на саміце ў Мадрыдзе летась Турэччына і пагадзілася на далучэньне Швэцыі і Фінляндыі, яна затрымала ратыфікацыю пратаколаў аб далучэньні, пакуль не пачнуць выконвацца яе ўмовы. Праблемы ў адносінах са Швэцыяй, асабліва дэманстрацыі ў Стакгольме, падчас якіх, сярод іншага, спальвалі Каран, дадаткова напружылі турэцка-швэдзкія стасункі, у той час як Фінляндыя адасобілася і адна далучылася да NATO сёлета на пачатку красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наперадзе вялікія перамены ў рэгіёне». Былая міністарка абароны Літвы тлумачыць, як дапамагло б Беларусі ўступленьне Ўкраіны ў NATO