10 ліпеня тэлеграм-канал праваабаронцаў Mayday Team паведаміў, што на мінулых на выходных жыцьцё самагубствам скончыў афіцэр Дзьмітры Д. у яго засталося чацьвёра дзяцей. Якім чынам ён учыніў суіцыд, невядома.
Афіцыйныя каналы міліцыі ніякай інфармацыі не публікавалі.
Паводле праваабаронцаў, пасьля падзей жніўня 2020-га загінулы браў удзел у палітычным перасьледзе грамадзян.
11 ліпеня аб здарэньні са спасылкай на свае крыніцы паведаміла «Наша ніва». Паводле выданьня, самагубства ўчыніў 34-гадовы афіцэр міліцыі, намесьнік начальніка аддзела крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Дзьмітры Д., якога знайшлі нежывым у гаражы.
«Наша ніва» паведамляе, што Д. учыніў суіцыд 8 ліпеня. У яго засталося чацьвёра дзяцей. Што стала прычынай, пакуль не вядома. Нябожчыка характарызуюць як «добрага чалавека».
Родам Дзьмітры Д. з Кобрынскага раёну. У 2018 годзе ён быў опэрупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
У Берасьцейскім абласным упраўленьні МУС гаварыць з «Нашай нівай» пра сьмерць супрацоўніка міліцыі адмовіліся. У Кобрынскім РАУС пытаньне выслухалі і пасьля паўзы заявілі, што такой інфармацыі не даюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень Кабанаў: «У Магілёўскай турме зьняволены забіў міліцэйскага правакатара» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля вызваленьня я не адчуў сябе свабодным». Гутарка з былым палітвязьнем пра зьдзекі ў калёніі