Палітзняволенага Паўла Севярынца перавялі ў гродзенскую турму, паведаміла ягоная жонка Вольга ў Facebook.
«Нічога ня ведаем пра тое, як прайшоў этап і як сам Паша, але ён жывы, гэта галоўнае. Вялікі дзякуй тым, хто гэтыя дні перажываў разам з намі і маліўся. Лісты не ад родных, хутчэй за ўсё, даходзіць ня будуць, але адрас напішу: 230023, Гародня, турма № 1, вул. Кірава, 1, камэра 16», — напісала Вольга Севярынец.
Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя і пісьменьнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зьняволеньні.
У траўні 2021 яму і яшчэ шасьці палітвязьням прысудзілі ад 4 да 7 гадоў калёніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШЫЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.
21 чэрвеня ў Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрыманьня. Судзьдзя Аляксандар Тараканаў пастанавіў перавесьці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма лістоў і пазбавілі грашовых пераводаў». Ад Вольгі Маёравай паўтара месяца няма вестак5 месяцаў няма ніякіх вестак ад палітзьняволенага Мікалая Статкевіча
Пра гэта ў Facebook напісала ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня яна атрымала адказ адміністрацыі калёніі пра тое, што Мікалая Статкевіча зьмясьцілі на паўгода ў адзіночную камэру.
Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 сьнежня 2021 яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.
У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калёнію № 13. З таго часу яго рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА – яму выпісалі не менш за 36 спагнаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў СІЗА пасьля псыхіятрычнага шпіталя