Галоўны ідэоляг Мінабароны: Беларускае войска гатовае «пераняць найбагацейшы вопыт ПВК „Вагнэра“»

Байцы ПВК «Вагнэра» ў Растове-на-Доне падчас узброенага мецяжу

Пра гэта замежным журналістам заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Мінабароны Леанід Касінскі, паведамляе прэс-служба ведамства.

«Мы гатовыя і з задавальненьнем пяроймем найбагацейшы досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў і тактычныя прыёмы. Гэты досьвед мы з задавальненьнем прымем на ўзбраеньне ў беларускім войску», — сказаў Леанід Касінскі, адказваючы на пытаньне журналістаў.

На яго думку, наймітам ПВК «Вагнэр» таксама варта павучыцца і ў беларускіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марадэрства, гвалт, публічныя забойствы. У якіх ваенных злачынствах вінавацяць ПВК «Вагнэр»
  • ПВК «Вагнэр» вінавацяць у шэрагу ваенных злачынстваў, як ва Ўкраіне, так і ў іншых пунктах сьвету, куды яны прыходзілі.
  • 23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, ён спыніў свой марш на Маскву. Уладзімір Пуцін дазволіў Прыгожыну зьехаць у Беларусь.
  • 27 чэрвеня Лукашэнка заявіў пра прыбыцьцё Прыгожына ў Беларусь. Таксама Лукашэнка сказаў, што найміты ПВК «Вагнэр» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і што ім прапанавалі «закінутую вайсковую частку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці даехалі да Беларусі расейская ядзерная зброя і вагнэраўцы? — меркаваньне палітоляга Прэабражэнскага
  • 27 чэрвеня СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну і пашырылі зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр». Радыё Свабода атрымала спадарожнікавыя здымкі, на іх відаць, што каля вёскі Цэль пабудаваны намётавы лягер прыкладна на 300 намётаў, якія, паводле розных ацэнак, могуць прыняць прыкладна 8-10 тысяч чалавек.
  • 2 ліпеня адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.
  • Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад крыніц сярод мясцовых жыхароў, пакуль намётавы лягер не заселены.
  • У Мінабароны заявілі, што гэта «летні лягер», які разгортваўся «для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў рамках разгортваньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны». Паводле Мінабароны, лягер можа зьмясьціць да 5 тысяч чалавек. У ведамстве дадалі, што прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» пакуль не прыбывалі для агляду магчымага месца разьмяшчэньня байцоў кампаніі ў лягеры ў раёне Асіповічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ніхто не прыехаў». Што ў вёсцы Цэль гавораць пра будаўніцтва на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік праекту «Беларускі Гаюн» пра будаўніцтва лягера пад Асіповічамі: «Гэта вельмі шматслаёвая дарагая кампанія па дэзынфармацыі»