Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для замежных і беларускіх журналістаў могуць сьведчыць аб ягонай спробе дыстанцыявацца ад уласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.
«Падобна, Лукашэнка дыстанцуецца ад пагадненьня, у якім ён, як паведамляецца, быў пасярэднікам, і адначасова працягвае рэклямаваць сваю здольнасьць быць пасярэднікам і такім чынам падкрэсьлівае слабасьць Пуціна», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту ад 6 ліпеня.
Экспэрты зьвярнулі ўвагу на заяву Лукашэнкі аб тым, што пытаньне аб месцазнаходжаньні вагнэраўцаў і Яўгенія Прыгожына трэба задаваць не яму, бо тыя зьяўляюцца расейцамі.
«Здаецца, Лукашэнка дыстанцыюецца ад групы „Вагнэр“, і ягоная рыторыка можа сьведчыць аб тым, што ён ускладае адказнасьць за выкананьне дамоўленасьцяў на Крэмль. Лукашэнка таксама працягнуў хваліцца сваімі ўмелымі перамовамі з Прыгожыным пасьля таго, як у адказ на пытаньне журналіста заявіў, што аўтарытэт Пуціна не аслабеў падчас узброенага паўстаньня», — патлумачылі ў Інстытуце вывучэньня вайны.
У справаздачы ISW адзначаецца, што дакладна цяперашняе месцазнаходжаньне Яўгенія Прыгожына невядома. Паводле экспэртаў, тыя факты, што ён свабодна перамяшчаецца па Расеі і яму вярнулі зброю і грошы, сканфіскаваныя ў часе вобшукаў, можа сьведчыць аб ягонай абароненасьці «некаторымі гарантыямі бясьпекі», а Крэмль аддае перавагу падрыву ягонай рэпутацыі, а не фізычнаму ці юрыдычнаму зьнішчэньню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы не зьяўляюцца пагрозай для Беларусі, а іхны кіраўнік Прыгожын знаходзіцца ў Расеі6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў аб адсутнасьці пагрозы для Беларусі з боку вагнэраўцаў і аб знаходжаньні ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў Расеі.
Адказваючы на пытаньне журналіста з Францыі, які спасылаўся на публікацыі спадарожнікавых здымкаў лягера ля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падразьдзелы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» ня будуць разьмяшчацца пад Асіповічамі, і зьняпраўдзіў стварэньне для іх адмысловых палявых лягераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін Лукашэнку адпомсьціць — але не адразу, — палітоляг Котаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на спадарожнікавыя здымкі лягера ля вёскі ЦэльСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.