Усе спартова-масавыя мерапрыемствы ў Беларусі цяпер мусяць пачынаць з выкананьня дзяржаўнага гімна і ўзьняцьця дзяржаўнага сьцяга Беларусі.
Такое патрабаваньне ўключылі ў пастанову Савета міністраў № 418 ад 28 чэрвеня, 6 ліпеня яе апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Акрамя гэтага, кіраўнікі і прадстаўнікі групаў спартоўцаў, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, а таксама начальнікі вучэбна-трэніровачных збораў цяпер мусяць сачыць за тым, каб не дапусьціць выкарыстаньня ўдзельнікамі мерапрыемстваў сьцягоў і вымпелаў, «не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку», а таксама эмблемаў, сымбаляў, плякатаў, транспарантаў і іншую, зьмест якіх «накіраваны на прычыненьне ўрону грамадзкаму парадку, правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян», гаворыцца ў пастанове.
Пастанова набыла моц 1 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 28 чэрвеня: «хатняя хімія» за перайначаны гімн, прысуд непаўналетняму і тром спартоўцам- Раней праваабаронцы ўжо неаднойчы паведамлялі пра выпадкі затрыманьняў і судоў над беларусамі, якія ня ўсталі (ці не адразу ўсталі) на стадыёне падчас выкананьня дзяржаўнага гімну.
- У траўні 2021 году футбольны клюб «Крумкачы» атрымаў папярэджаньне за паводзіны заўзятараў падчас выкананьня дзяржаўнага гімну, бо яны «ўставалі сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга».
- Таксама беларусаў неаднойчы затрымлівалі, у тым ліку на спартовых мерапрыемствах, калі нехта прыходзіў туды зь бел-чырвона-белым сьцягам.