«Мы рашуча асуджаем неправакаванае і неапраўданае ўварванае Расеі і жорсткую вайну супраць Украіны. Мы заклікаем Расею безумоўна вывесьці свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны», — адзначылі лідэры краінаў Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда па выніках іх сустрэчы 5 ліпеня ў Вільні.
На іх думку, «выкарыстоўваньне ядзернага шантажу», якое працягваецца, а таксама нядаўняе разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі «значна павышаюць рызыку эскаляцыі».
Таксама прэзыдэнты заклікалі міжнародную супольнасьць «прыняць неабходныя меры адносна небясьпечнай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы». Бакі выказалі занепакоенасьць «узмацненьнем залежнасьці Беларусі ад Расеі», у выніку чаго «рэзка мяняецца сытуацыя зь бясьпекай у нашым рэгіёне». «Беларусь разам з Расеяй нясе сумесную адказнасьць за агрэсіўную вайну супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.
Прэзыдэнты заклікалі Беларусь не падтрымліваць Расею, а таксама «спыніць рэпрэсіі супраць яе грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку супраць польскай і літоўскай нацыянальных меншасьцей, і пачаць дэмакратычны дыялёг з беларускай грамадзянскай супольнасьцю».
Наўседа і Дуда заявілі, што будуць «імкнуцца да пастаяннага ўзмацненьня жорсткасьці індывідуальных і галіновых абмежавальных мер ЭЗ у дачыненьні да Расеі і Беларусі». Галоўнай мэтай яны бачаць «большае засяроджваньне на барацьбе з абыходам санкцый праз трэція краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У парлямэнце Літвы ня бачаць патрэбы пашыраць санкцыі супраць беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча не выключае, што вагнэраўцаў выкарыстаюць для пагаршэньня міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю