Асабістыя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэт-крамы «Востраў чысьціні і смаку» выцеклі ў інтэрнэт. Пра гэта 6 ліпеня паведаміў Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных даных.
Выцек адбыўся ў выніку несанкцыянаванага доступу да інфармацыйнай сыстэмы кампаніі «ЗахадХімГандаль». Выставілі на продаж базу, якая зьмяшчае асабістыя зьвесткі больш як 730 тысяч карыстальнікаў гэтага рэсурсу.
«Раней Цэнтар правёў пазаплянавую праверку „ЗахадХімГандаль“ па факце папярэдняга выцеку дадзеных кліентаў. Аднак патрабаваньне аб прыняцьці мер па тэхнічнай і крыптаграфічнай абароне пэрсанальных даных ня выканана», — адзначылі ў цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнэт-кнігарні дапусьцілі выцек зьвестак тысяч беларускіх кліентаўДругі выцек за тыдзень
5 ліпеня адбыўся выцек пэрсанальных зьвестак карыстальнікаў інтэрнэт-крамы buslik.by, якая прадае дзіцячыя тавары, паведамляе Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных зьвестак.
Выцек адбыўся ў выніку несанкцыянаванага доступу да інфармацыйнай сыстэмы кампаніі «ДПМ», гуртавога і раздробнага дыстрыбутара дзіцячых тавараў, які валодае групай крамаў для дзяцей «Бусьлік», «Яскравы Бусьлік».
«Зламысьнікі выставілі на продаж базу дадзеных, якая зьмяшчае пэрсанальныя зьвесткі больш як 220 тысяч карыстальнікаў крамы, у тым ліку прозьвішча, імя і імя па бацьку, нумары мабільных тэлефонаў, адрасы электроннай пошты», — гаворыцца ў паведамленьні. Па факце здарэньня праводзяць праверку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку выцеку зь беларускай інтэрнэт-крамы на продаж выставілі зьвесткі 220 тысяч карыстальнікаў- У сярэдзіне чэрвеня ў выніку выцеку ў сеціва трапілі зьвесткі больш як 4 тысяч беларускіх кліентаў расейскіх інтэрнэт-кнігарняў bookvoed.ru, chitai-gorod.ru, ast.ru і eksmo.ru.
- Паводле дырэктара Нацыянальнага цэнтру абароны пэрсанальных дадзеных Андрэя Гаева, маштабныя выпадкі зьліву пэрсанальнай інфармацыі часьцей адбываюцца ў сфэры гандлю: у мінулым годзе такія зьлівы дадзеных кліентаў адбыліся ў гандлёвых сетках «Соседи» і «Остров чистоты и вкуса». У банкаўскай сфэры быў выпадак узлому і незаконнага распаўсюджваньня інфармацыі «Белгазпрамбанку».
- Улетку 2022 году буйная беларуская сетка крамаў «Соседи» прызнала выцек дадзеных пакупнікоў: у сеціве былі апублікаваныя дадзеныя (мабільны нумар тэлефона, электронная пошта) асобных удзельнікаў праграмы ляяльнасьці «Купілка».
- У кастрычніку 2022 году буйная сетка «Востраў чысьціні і смаку» праводзіла праверку па факце выцеку пэрсанальных дадзеных. Тады паведамлялі, што «зьліты» ў інтэрнэт файл зьмяшчае больш за 148 тысяч запісаў пра кліентаў рытэйлера за пэрыяд з 1 жніўня 2020 году па 31 ліпеня 2021-га.
- Таксама беларусы часам становяцца ахвярамі зьліву пэрсанальных дадзеных, якія адбываюцца не на тэрыторыі Беларусі, а за яе межамі. Прыкладам можа быць выпадак са службай кур’ерскай дастаўкі СДЭК, якая фізычна і юрыдычна зарэгістраваная на тэрыторыі Расеі, але мела каля 700 тысяч запісаў пра куплі беларусаў, расказаў Андрэй Гаеў.