Падчас свайго візыту ў Рым Сьвятлана Ціханоўская заклікала сэнатараў выступіць у абарону беларускай незалежнасьці, падтрымаць дэмакратычныя сілы ў міжпарлямэнцкіх арганізацыях, браць патранаж над беларускімі палітвязьнямі. Ціханоўская падзякавала Італіі за выдачу візаў для беларусаў, Італія – адна з краін-лідэраў у гэтым пытаньні. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Асобна Ціханоўская сустрэлася з Сэнатарам і былым міністрам замежных справаў Джуліо Тэрці, які актыўна падтрымліваў Беларусь пасьля 2020 году, і П’ерам Касіні, былым сьпікерам парлямэнта, самым шматгадовым парлямэнтарыем Італіі, які ініцыяваў дыскусіі па Беларусі ў парлямэнце з 2020 году.
Увечары 5 ліпеня Ціханоўская дала брыфінг дыпляматычнаму корпусу ў Рыме, у якім удзельнічалі паслы і дыпляматы больш чым 40 краінаў.
Ціханоўская распавяла пра сытуацыю ў Беларусі, чаканьні ад саміту NATO, а таксама якія крокі ад міжнароднай супольнасьці чакаюць беларусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла Сэнат Італіі дапамагчы са стварэньнем трыбуналу над ЛукашэнкамСустрэча Ціханоўскай з кіраўніком МЗС
6 ліпеня Ціханоўская сустрэлась зь міністрам замежных справаў Італіі Антоніё Таяні. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі і рэакцыю Захаду, сытуацыю з палітвязьнямі. Ціханоўская распавяла, што палітвязьняў трымаюць у ізаляцыі, і міжнародны ціск неабходны, каб дабіцца іх вызваленьня. Гаварылі таксама пра дапамогу грамадзянскай супольнасьці і незалежным мэдыям.
Антоніё Таяні падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай пацьвердзіў, што Італія «працягвае падтрымліваць законныя дэмакратычныя памкненьні беларускага народа і асуджае парушэньні правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі», а таксама выказаў салідарнасьць Ціханоўскай у сувязі зь нядаўнім завочным прысудам ёй у выглядзе15 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе прэс-служба МЗС Італіі.
Міністар таксама выказаў занепакоенасьць у сувязі з падтрымкай, якую рэжым Лукашэнкі надае Расеі ў вайне супраць Украіны, у прыватнасьці — заявамі аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
Палітык запэўніў Ціханоўскую, што Італія мае намер захоўваць цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, у шчыльнай каардынацыі са сваімі эўрапейскімі партнэрамі, утрымліваючы ўвагу міжнароднай супольнасьці на сытуацыі ў Беларусі.
Прэсавая служба Ціханоўскай назвала дэталі вынікаў перамоваў:
- Італія ня будзе пасылаць у Менск амбасадара, а зьменшыць дыпляматычную прысутнасьць да ўзроўню часова паверанага (4 ліпеня стала вядома, што таксама так зробіць Нямеччына);
- міністар уздыме пытаньне новых санкцыяў Эўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытаньне закрыцьця шчылін у санкцыйным рэжыме;
- Італія гатова падтрымаць расьследаваньне фактаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў гэтым;
- Італія працягне выдаваць візы беларусам, таму што Італія адрозьнівае рэжым і беларусаў.
- Італія працягне выдаваць стыпэндыі беларускім студэнтам і прымаць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў на аздараўленьне;
- у выніковай дэклярацыі саміту NATO плянуецца прысьвяціць два параграфы Беларусі;
Ціханоўская лідэрка падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС таксама папрасіла Італію надаць дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, падтрымаць беларускія культурныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасьць.
Ціханоўская прапанавала замарожаныя актывы зьвязаных з рэжымам людзей перадаць на падтрымку палітвязьняў.
Яна зьвярнула асобную ўвагу на тое, што група Вагнэра прызнаная крымінальнай і тэрарыстычнай групоўкай, і прапанавала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму.
Таксама Ціханоўская запрасіла міністра паўдзельнічаць у сайд-івэнтах па Беларусі падчас Саміту НАТА, а таксама супольна арганізаваць сайд-івэнт падчас генасамблеі ААН.
- Візыт Ціханоўскай у Італію праходзіць 5–7 ліпеня.