«Зь нецярплівасьцю чакаю пачатку свайго візыту ў Італію. Я сустрэнуся з кіраўніцтвам краіны, выступлю перад Сэнатам і Палатай дэпутатаў, адкрыю новую парлямэнцкую групу дружбы за дэмакратычную Беларусь і сустрэнуся зь беларускай дыяспарай. Удзячная за падтрымку і салідарнасьць з нашым народам», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў Twitter.
Тэмы рэпрэсій супраць беларусаў і паглынаньня Беларусі Расеяй абмяркуе на высокім узроўні дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская падчас афіцыйнага візыту ў Італію 5-7 ліпеня, паведаміў BPN яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
Паводле яго, Ціханоўская наведвае Італію на запрашэньне парлямэнту гэтай краіны, прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў.
У італьянскім парлямэнце адбудуцца слуханьні аб Беларусі. Ціханоўская, сказаў ён, выступіць на тэму злачынстваў беларускага рэжыму супраць чалавечнасьці, уздыме праблему незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
«Ціханоўская папросіць Італію падтрымаць пачатак сьледзтва супраць рэжыму Лукашэнкі за ўчыненыя ім злачынствы, а таксама санкцыі за іх, за саўдзел у вайне, разьмяшчэньне расейскіх войскаў і байцоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнэр“ у Беларусі. Прапануе ўзмацніць санкцыі супраць Расеі менавіта за яе спробу паглынуць Беларусь», — сказаў Вячорка.
Таксама заплянаваныя сустрэчы Ціханоўскай зь лідэрамі асноўных палітычных партый Італіі і беларускай дыяспарай.