Украіна, Канада, Вялікая Брытанія і Швэцыя падалі ў Міжнародны суд ААН сумесны пазоў супраць Ірана з прычыны зьбітага пад Тэгеранам у студзені 2020 году ўкраінскага ляйнэра, гаворыцца ў сумеснай заяве Міжнароднай групы па каардынацыі дапамогі ахвярам рэйсу PS752, апублікаванай на сайце МЗС Украіны.
Рашэньне прынятае для таго, каб прыцягнуць Іран да адказнасьці за незаконна зьбіты «Боінг-737» Міжнародных авіяліній Украіны. Самалёт разьбіўся пры вылеце з аэрапорта Тэгерана ў студзені 2020 году. На борце знаходзіліся 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажа. Усе яны загінулі.
Сярод іншага, Іран, як адзначаецца ў заяве, не прыняў усе магчымыя захады для таго, каб прадухіліць зьнішчэньне самалёта, а таксама «ня змог правесьці поўнае, празрыстае і бесстароньняе дасудовае расьсьледаваньне і судовае разьбіральніцтва ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране агучылі прысуды ў справе аб зьбітым украінскім «Боінгу» — да 10 гадоў турмыУкраіна, Канада, Вялікабрытанія і Швэцыя патрабуюць, каб Міжнародны суд ААН абавязаў Іран публічна прызнаць, што яго дзеяньні і бязьдзейнасьць супярэчылі міжнароднаму праву, папрасіў прабачэньня ў сем’яў загінулых і прыняў меры па прадухіленьні такіх інцыдэнтаў.
Акрамя таго, краіны, якія падалі пазоў, патрабуюць, каб Іран выканаў свае абавязацельствы паводле Манрэальскай канвэнцыі 1971 году, уключаючы судовы перасьлед або экстрадыцыю падазраваных, а таксама выплаціў справядлівую кампэнсацыю чальцам групы за матэрыяльную і маральную шкоду, якую панесьлі ахвяры і іх семʼі ў выніку інцыдэнту з самалётам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі новае відэа, на якім украінскі самалёт зьбіваюць дзьве іранскія ракеты