Пасажырскі «Боінг-737» Міжнародных авіяліній Украіны разьбіўся пры вылеце з аэрапорту Тэгерану. На борце знаходзіліся 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.
Па дадзеных Mizan Online, камандзір падразьдзяленьня атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі, яго падначаленыя — ад 1 да 3 гадоў. Як паведамляецца, суд прыйшоў да высновы, што камандзір няправільна ацаніў сытуацыю і дзейнічаў, зыходзячы з памылковага перакананьня ў тым, што размова ідзе аб варожай паветранай цэлі, якую неабходна зьбіць.
Самалёт 8 студзеня 2020 году зьбілі ракетай недалёка ад аэрапорту Тэгерану, загінулі 176 чалавек. Па афіцыйнай вэрсіі іранскіх уладаў, пуск ракеты з базы Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі адбыўся выпадкова.
За некалькі дзён да катастрофы ў выніку апэрацыі ЗША ў аэрапорце Багдаду быў забіты іранскі генэрал Касэм Сулеймані, а іранскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па амэрыканскіх базах у Іраку. У Тэгеране не выключалі, што ЗША нанясуць удар па Іране, і сілы СПА знаходзіліся ў рэжыме падвышанай боегатоўнасьці.
Большасьць загінулых на борце былі грамадзянамі Ірану і Канады. Грамадзянамі Ўкраіны былі 11 чалавек.
Іран доўгі час ня йшоў на перамовы наконт кампэнсацый і адмаўляўся называць вінаватых у катастрофе. Таксама Тэгеран прапанаваў падпісаць Украіне праект мэмарандуму, які фактычна абавязваў Кіеў і сем’і загінуўшых адмовіцца ад далейшых зваротаў у суды, у тым ліку міжнародныя, у абмен на выплату кампэнсацый.