Расейскіх мабілізаваных больш ня будуць рыхтаваць у Беларусі? Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лягераў на беларускіх палігонах

Спадарожнікавыя здымкі сэрвісу Planet Labs зафіксавалі ліквідацыю трэніровачных намётавых лягераў на тэрыторыі трох асноўных беларускіх палігонаў, дзе праводзілі навучаньне расейскіх мабілізаваных. Ці перамесьцяць іх у іншыя месцы, ці выкарыстаюць для нечага іншага, невядома.

Вайсковы палігон «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі

Дэмантаж намётавага лягера на тэрыторыі Обуз-Лясноўскага палігону пад Баранавічамі. Зьлева — здымак 6 чэрвеня 2023 году, справа — 4 ліпеня 2023 году

На здымку за 4 ліпеня 2023 году лягера на палігоне ўжо фактычна няма, ідзе яго разбор. Бачныя дэталі намётаў раскладзеныя на пляцоўцы, тым часам разьбіраюць рэшткі намётаў. Па спадарожнікавых здымках відаць, што разьбіраць лягер пачалі не раней за 30 чэрвеня.

Лягер тут стаяў прыкладна зь сярэдзіны кастрычніка 2022 году, амаль 9 месяцаў. Пра тое, калі ён зьявіўся ў Беларусі, мы пісалі тут.

На пачатку сакавіка 2023 году ў лягеры адбылася ратацыя мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў. Тады невялікую колькасьць намётаў прыбралі. Было бачна, што частка намётаў нежылыя. Пасьля гэтага на палігон ужо амаль не завозілі ніякай цяжкай вайсковай тэхнікі. Паводле стану на 6 чэрвеня 2023 году, тут усё яшчэ заставалася каля 150 намётаў, у якіх маглі пражываць каля 3 тысяч чалавек.

Вайсковы палігон «Лепельскі»

Дэмантаж намётавага лягера на тэрыторыі Лепельскага палігону. Зьлева — здымак 2 ліпеня 2023 году, справа — 4 ліпеня 2023 году

Расейскія вайскоўцы на палігоне «Лепельскі» прысутнічалі зь сярэдзіны кастрычніка 2022 году.

На здымку 4 ліпеня 2023 году бачым, што намётавы лягер на палігоне таксама ў працэсе разбору.

Намёты пачалі разьбіраць не раней за 2 ліпеня. Яшчэ 2 ліпеня тут стаяла каля 75 вайсковых намётаў, у якіх маглі пражываць каля 1500 чалавек.

Лягер таксама паставілі ў сярэдзіне кастрычніка 2022 году. Прастаяў ён каля 9 месяцаў.

Расейскія вайскоўцы 272 мотастралковага палку на сьвяце 3 ліпеня 2023 году ў Лепелі

Трэцяга ліпеня на дзяржаўным сьвяце Незалежнасьці ў Лепелі расейскія вайскоўцы з 272 мотастралковага палку яшчэ прысутнічалі. Раней паведамлялася пра гібель прынамсі аднаго байца гэтага вайсковага фармаваньня «пры выкананьні воінскага доўгу» празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.


Вайсковы палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі

Дэмантаж намётавага лягера на тэрыторыі палігону «Рэпішча» пад Асіповічамі. Зьлева — здымак 2 ліпеня 2023 году, справа — 4 ліпеня 2023 году

Расейскія вайскоўцы пачалі актыўна заяжджаць на палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі перад пачаткам вайны ва Ўкраіне. Тут стаяў вялікі шпіталь і знаходзілася шмат вайсковай тэхнікі. Да цяперашняга часу ён то зьнікаў (лета 2022 году), то паўставаў наноў (30 кастрычніка 2022 году). Амаль у нязьменным выглядзе ён прастаяў амаль 9 апошніх месяцаў. Паводле стану на 29 чэрвеня, тут было каля 30 вайсковых намётаў, у якіх маглі пражываць каля 600 чалавек.

На спадарожнікавых здымках можна адсачыць, што лягер пачынаюць прыбіраць 3 ліпеня 2023 году. На здымку за 4 ліпеня яго ўжо няма.

З усяго выкладзенага можна зрабіць выснову, што тры найбуйнейшыя лягеры для трэніроўкі меркавана мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў пачалі разьбіраць фактычна адначасова — 3 ліпеня, падчас дзяржаўнага сьвята Незалежнасьці Беларусі.

Амаль адначасова з гэтым пачалі будаваць намётавы лягер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну, які, паводле некаторых меркаваньняў, можа быць зьвязаны з прыбыцьцём у Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр». На сёньняшні дзень гэта найбуйнейшы лягер на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца сама меней з 303 вайсковых намётаў, у якіх, паводле розных ацэнак, можа знаходзіцца да 15 тысяч чалавек.

Міхайло Самусь, экспэрт, дырэктар New Geopolitics Research Network

«Лягеры, якія былі разгорнутыя на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль году, выкарыстоўваліся Расеяй для падрыхтоўкі сваіх мабілізаваных, — кажа дырэктар New Geopolitics Research Network Міхайло Самусь. — Часта гэта трактавалася ў інфармацыйнай прасторы як падрыхтоўка расейскага кантынгенту для арганізацыі чарговай апэрацыі з тэрыторыі Беларусі».

Паводле яго, было праведзена некалькі такіх «псыхалягічных апэрацый», накіраваных на тое, каб украінская армія зьвярнула ўвагу на паўночны накірунак, на тое, што з тэрыторыі Беларусі ёсьць пагроза.

«Тады мы ацэньвалі такім чынам, што як толькі Расея створыць групоўку ад 30 тысяч і больш расейскіх вайскоўцаў, тады можна будзе гаварыць пра тое, што гэта падрыхтоўка наступу. Але, як правіла, на тэрыторыі Беларусі знаходзілася каля 10–11 тысяч расейскіх вайскоўцаў», — адзначае Міхайло Самусь.

На ягоную думку, тое, што цяпер гэтыя лягеры пачынаюць згортваць, можа значыць, што «гэтая праграма скарачаецца», вядома, калі толькі іх не перамесьцяць на іншыя палігоны на тэрыторыі Беларусі.

«Цікава, што паралельна з гэтым працэсам згортваньня лягераў адбываецца разгортваньне іншага лягеру для прадстаўнікоў так званага „ПВК Вагнэра“, то бок „прыгожынцаў“, якія пасьля „недапутчу“ ў Расеі быццам бы пераходзяць на тэрыторыю Беларусі. Цікава, ці ня будуць выкарыстаныя гэтыя намёты для разгортваньня намётавага мястэчка вагнэраўцаў, ці гэта ўжо згортваньне расейскай прысутнасьці, і тады, відаць, будзе зьменшаная інтэнсіўнасьць трэніроўкі расейскіх мабілізаваных», — кажа ён.

У сувязі з гэтым экспэрт выказвае здагадку, што, магчыма, у Расеі ўжо дастаткова сваіх рэсурсаў, каб падрыхтаваць такую ж колькасьць мабілізаваных.

«Ва Ўкраіне цяпер сур’ёзна разглядаюць сытуацыю з узмацненьнем пагрозы з боку Беларусі, асабліва той сыгнал, які быў дадзены пра патэнцыйнае разьмяшчэньне вагнэраўцаў», —кажа Міхайло Самусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ніхто не прыехаў». Што ў вёсцы Цэль гавораць пра будаўніцтва на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 5 ліпеня правёў паседжаньне Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Адна з задач, якія паставілі галоўнакамандуючаму ўкраінскага войска, — узмацненьне паўночнага кірунку, у тым ліку на мяжы зь Беларусьсю.

У траўні 2023 году дзяржаўныя СМІ Расеі і Беларусі паведамлялі, што на пачатку восені ў Беларусі адбудуцца адразу 5 вайсковых вучэньняў у межах АДКБ.

«Гэта можа быць падставай для таго, каб Расея перакінула ў Беларусь некалькі дзясяткаў тысяч вайскоўцаў. І спрабаваць пад канец восені правесьці сваю новую апэрацыю, магчыма нават з вагнэраўцамі. Дзеля таго каб вымусіць украінскі бок перакінуць на поўнач сваіх вайскоўцаў, каб супрацьстаяць пагрозе, і сарваць украінскі наступ на ўсходзе. Але гэтыя здымкі згортваньня лягераў выбіваюцца з гэтага пляну. Трэба глядзець, што будзе адбывацца далей», — кажа Міхайло Самусь.

Паводле яго, магчыма, гэтыя намётавыя мястэчкі проста могуць перамясьціць на іншыя беларускія палігоны.

«Усё цяпер залежыць ад сытуацыі на фронце. Калі ўкраінская армія працягне пасьпяховыя контранаступальныя дзеяньні, то ў Расеі проста можа не хапіць рэсурсаў для перакіданьня новых вайскоўцаў у Беларусь. Яны будуць кідаць усе рэзэрвы, каб не дапусьціць прарыву фронту. Як толькі ўкраінская армія завязьне, тады ў Расеі будуць магчымасьці перакінуць сваіх вайскоўцаў у Беларусь і, магчыма, зрабіць яшчэ адну наступальную апэрацыю з тэрыторыі Беларусі», — падсумоўвае экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ім прапанавалі закінутую частку». Што вядома пра магчымы лягер ПВК «Вагнэр» у Беларусі. Фота са спадарожніка