Аўтобус з гомельскімі нумарамі, які вёз беларускіх турыстаў у Польшчу, перакуліўся раніцай 5 ліпеня недалёка ад горада Тарэспаль, пасьля беларуска-польскай мяжы.
Пра задрэньне паведамілі падпісанты тэлеграм-канала «Мяжа Беларусь — ЭЗ».
«Будзьце акуратныя, толькі ад’ехаў ад мяжы аўтобус і лёг у кювэт», — напісаў відавочца.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у аўтобусе ехалі 49 чалавек, 11 зь якіх шпіталізавалі. Аўтобус накіроўваўся ў Модлін, аэрапорт каля Варшавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расказвалі, як трэба Лукашэнку любіць». Сьвежыя гісторыі аб праверках на беларускіх межахПразь некаторы час консул Беларусі ў Бяла-Падлясцы Уладзіслаў Хало пракамэнтаваў здарэньне. Пагрозы жыцьцю грамадзян Беларусі — пасажыраў аўтобуса, які перавярнуўся ў Польшчы, — няма, паведміў ён БЕЛТА.
Паводле Хало, ДТЗ з удзелам аўтобуса здарылася а 6:50 у раёне горада Тэрэспаль. Перавозчык быў польскі. У выніку перакульваньня аўтобуса ўсе пасажыры, якія знаходзіліся ў ім, самастойна пакінулі салён, патлумачыў консул.
Ён адзначыў, што некалькі грамадзян даставілі ў лячэбныя ўстановы. Цяпер у бальніцы горада Бяла-Падляска знаходзяцца чатыры чалавекі.
«Мы зьвязаліся зь лекарам, які растлумачыў сытуацыю. Дзякуй богу, там нічога (страшнага) няма. Там малодшы 14-гадовы падлетак. Экстраннай нейкай дапамогі ня трэба», — растлумачыў Уладзіслаў Хало.
Ён удакладніў, што калі б была неабходнасьць у экстранай дапамозе, то была б магчымасьць задзейнічаць і беларускі бок.
Дыпляматам ужо ўдалося зьвязацца з польскім перавозчыкам. Ён падаў запасны аўтобус. Хутка грамадзяне змогуць далей ехаць па сваім маршруце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правяраюць мэталашукальнікам, апытваюць людзі ў цывільным. Як беларусы цяпер пераходзяць мяжу з ЭЗ