«Суткі ў чарзе і нэрвы пры праверцы — так сабе задавальненьне»
Антон (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) вяртаўся на сваім аўтамабілі з Польшчы ў мінулыя выходныя. Ён акурат трапіў на вялізную чаргу на ўезд у Беларусь — такое назіралася на адзіным пераходзе, які працуе, Тарэспаль — Берасьце.
«Калі ехаў зь Беларусі, то ў чарзе на ўезд у Польшчу прастаяў каля 18 гадзін. Думаў, што хоць назад, дахаты вярнуся лёгка. Ажно не, зусім не пашанцавала», — кажа беларус.
Ён нэрваваўся, бо ў Беларусі нядаўна адбываў 15 дзён арышту за падпіску на «дэструктыўны» канал.
«Нэрвовым перад мяжой раю запасьціся заспакаяльным. Казалі, што такіх, як я, „экстрэмістаў“, моцна трусяць. Я перад уездам у Беларусь пачысьціў тэлефон ад усяго „падазронага“. Але абышлося: толькі спыталіся пра мэту паездкі. Можа быць, паўплывала тое, што была вялізная чарга на ўезд і памежнікі проста стаміліся», — мяркуе Антон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 траўня: 5 гадоў калёніі за «распальваньне варожасьці»; на польска-беларускай мяжы затрымалі мужчыну«Пыталіся: „Ці хадзілі вы на пратэсты?“»
Марына (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) езьдзіла зь Беларусі ў Польшчу.
«Нядаўна два разы была. Першы раз кіроўца перад беларускай мяжой папярэдзіў нас, каб мы не давалі на праверку тэлефоны. Бо, сказаў, тады будзем шмат часу стаяць на мяжы, пакуль правераць усіх. Мы і не далі. Сказалі, што гэта нашая асабістая ўласнасьць. Тады наш мікрааўтобус проста пакінулі на мяжы і мы тупа стаялі некалькі гадзін. Не было ніякіх дзеяньняў, ні праверкі, нічога. Проста стаялі як пакараныя. Затым усё-ткі прапусьцілі», — патлумачыла беларуска.
Другі раз, дадае яна, з аўтобуса здымалі некаторых пасажыраў і дапытвалі.
«Да аднаго мужчыны прычапіліся памежнікі (ці гэта былі іншыя службы), што ён паказаў ім кнопачны тэлефон. Яны пачалі патрабаваць: „Давай другі!“ і абураліся. Маўляў, у наш час ня можа такога быць, каб у чалавека быў кнопачны тэлефон. Яго вадзілі на нейкія дадатковыя праверкі ці допыты, аўтобус затрымалі. Урэшце адпусьцілі. Я так зразумела, што чапіліся да людзей, якія „засьвяціліся“ на пратэстах. Бо пытаньні задавалі спрэс пра 2020 год», — кажа Марына.
Яшчэ адна беларуска, Аліна, вярталася на аўтобусе 4 ліпеня з Польшчы. Кажа, што быў поўны аўтобус, але нікога зь яго не зьнялі і тэлефонаў не правяралі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся новыя зьвесткі пра затрыманьні кіроўцаў ля мяжы з Расеяй«Пашанцавала, што на зьмене былі маладыя памежнікі»
Аксана (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) езьдзіла на сваім аўтамабілі з Гомля ў Бранск і назад.
«Калі ехала ў Расею, то ніякіх пытаньняў да мяне не было. Калі вярталася — тут пачалося. Аказалася, што я ў нейкай базе, бо ў 2020 годзе мяне судзілі паводле арт. 23.34 за акцыю пратэсту. Памежнікі мне патлумачылі, што ў такім разе яны мусяць правесьці са мной прафіляктычную гутарку. Расказалі мне, вобразна кажучы, як трэба Радзіму любіць і Лукашэнку таксама», — кажа Аксана.
Яна дадала, што памежнікі правяралі яе тэлефон.
«Я падумаць не магла, што яны так далёка палезуць! Бо яны залезьлі ў мой Instagram і далезьлі там да 2020 году. Там у мяне былі фатаздымкі з пратэстаў. Я лічу, мне моцна пашанцавала, што на зьмене былі маладыя памежнікі, маіх гадоў. Таму я ім міла заўсьміхалася, а яны параілі мне выдаліць здымкі, і ўсё на гэтым», — дадала беларуска.
Яна вырашыла больш ня езьдзіць у Расею.
«Страшна. Наступным разам прычэпяцца і забяруць, тым больш, як высьветлілася, я ў нейкай базе», — зазначыла Аксана.
Карыстальнікі спэцыялізаваных чатаў пераходу мяжы з Расеяй пішуць, што «расейскія памежнікі правяраюць на „адчапіся“, беларускія — наадварот, правяраюць і дакумэнты, і тэлефоны, і рэчы».
«Беларускія памежнікі правяраюць усе машыны, просяць адчыніць усе дзьверы, бардачок, багажнік, торбы паказаць. Правяраюць пашпарты, здымаюць іх і заносяць у базы. Толькі потым дазваляюць праехаць», — піша адзін з карыстальнікаў.
«У асноўным пытаюцца, ці затрымлівалі ў 2020 годзе, просяць тэлефон, правяраюць на ўсялякія каналы, забароненыя ў Беларусі. Могуць паглядзець здымкі (лепш усё выдаліць, калі за вамі нешта ёсьць). Пашпарты фатаграфуе менавіта супрацоўнік КДБ, куды гэта потым ідзе, Бог ведае», — піша іншы карыстальнік чату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі аб новых фактах затрыманьняў пасьля праходжаньня беларускай мяжы