У выведцы Вялікай Брытаніі зьвярнулі ўвагу на адсутнасьць у публічнай прасторы ня толькі намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргея Суравікіна, а і намесьніка міністра абароны Расеі Юнус-Бек Еўкурава, зь якім у Растове размаўляў уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын у часе свайго мяцяжу.
«Намесьнік міністра абароны генэрал-палкоўнік Юнус-Бек Еўкураў адсутнічаў на тэлевізійным выступе кіраўніцтва Міністэрства абароны 3 ліпеня 2023 году», — адзначае брытанская выведка.
На публічным пасяджэньні сэлектарнай нарады 3 ліпеня міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ўпершыню пракамэнтаваў мяцеж вагнэраўцаў і Яўгенія Прыгожына. У прэзыдыюме сядзела ўсё вайсковае кіраўніцтва Расеі, апроч Юнус-Бека Еўкурава.
У той жа час у брытанскай выведцы пакуль не змаглі пацьвердзіць арышт Сяргея Суравікіна.
«Але ўлады, імаверна, будуць падазраваць яго ў даўняй сувязі з „Вагнэрам“, пачынаючы з 2017 году, калі ён служыў у Сырыі», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
«Нягледзячы на тое, што Суравікін шырока вядомы на Захадзе сваёй жорсткай рэпутацыяй, ён зьяўляецца адным з найбольш паважаных вышэйшых афіцэраў у расейскай арміі, і любыя афіцыйныя санкцыі супраць яго, хутчэй за ўсё, выклікаюць раскол. Падазрэньне, якое патэнцыйна ўпала на старшых афіцэраў, падкрэсьлівае, як няўдалае паўстаньне Прыгожына пагоршыла існыя расколы ў расейскай сфэры нацыянальнай бясьпекі», — мяркуюць у брытанскай выведцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: расейскага генэрала Суравікіна, які імаверна падтрымаў мяцеж вагнэраўцаў, арыштавалі. У Крамлі не камэнтуюць29 чэрвеня брытанскае выданьне Financial Times са спасылкай на тры інфармаваныя крыніцы паведаміла, што намесьніка камандуючага групоўкай расейскіх войскаў у зоне баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны Сяргея Суравікіна нібыта арыштавалі. У Крамлі гэтай інфармацыі дасюль не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварот калёнаў» Прыгожына; перамовы з Лукашэнкам. Кроніка ўзброенага «мяцяжу» ў Расеі 24 чэрвеняСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.