Прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас у інтэрвію Радыё Свабода ў Таліне расказала пра будучы саміт NATO, шанцы Ўкраіны ўступіць у альянс, пра вайну, выдаткі NATO на абарону, пра Расею, Беларусь, Грузію, Малдову і Заходнія Балканы. Беларуская служба Радыё Свабода сабрала найбольш цікавыя вытрымкі з запісу.
Пра шанцы Ўкраіны ў NATO
Перамовы працягваюцца. Што важна, мы выходзім за рамкі бухарэсцкай фармулёўкі, дзе было заяўлена, што Ўкраіна стане сябрам. Для нас вельмі важна, каб мы дамовіліся, ведаеце, пра практычныя крокі, як Украіна трапіць у NATO... Вядома, мы разумеем, што гэтага ня можа быць, калі ідзе вайна. Але ў нас павінен быць дакладны шлях, як Украіна туды трапіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнтка Літвы лічыць, што Захад дагэтуль адстае ад патрэбных тэмпаў рэагаваньня на рызыкі з РасеіПра бясьпеку Балтыкі пасьля мяцяжу Прыгожына
Расея была небясьпечнай і непрадказальнай, і цяпер яна небясьпечная і непрадказальная. Такім чынам, у нашай пазыцыі няма ніякіх зьменаў. Тое, што адбываецца ўнутры Расеі, гэта, вядома, іх унутраная справа, на якую мы ня маем уплыву. Але мы павінны, ведаеце, будаваць свае пляны. Я маю на ўвазе тых, хто кажа, што «о, Расея цяпер больш небясьпечная?» Калі вы пагледзіце, што яны зрабілі ва Ўкраіне, я маю на ўвазе поўнае зьнішчэньне вялікіх гарадоў. І гэта, так бы мовіць, пры «стабільнай Расеі». Так што я ня думаю, што можа быць яшчэ горш, і мы не павінны на гэтым засяроджвацца. І я думаю, што Расея таксама хоча, каб мы паверылі: «О, ня будзем разгойдваць лодку, таму што Расея становіцца нестабільнай!»...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа: Літве давядзецца вярнуцца да пытаньня пра аднолькавыя абмежаваньні для беларусаў і расейцаўПра ўвагу да Беларусі пасьля прыходу вагнэраўцаў
Мы зь першага вайны дня лічылі Беларусь суагрэсарам Расеі. Такім чынам, яны відавочна разам, і тут няма ніякіх зьменаў. У нас на мінулым тыдні быў саміт Эўразьвязу, дзе адзін з прэмʼер-міністраў вельмі добра патлумачыў пазыцыю [італійскага пісьменьніка] Макіявэлі ў дачыненьні да наймітаў. Ён вельмі добра патлумачыў, што нельга будаваць сваю бясьпеку на наймітах, бо яны заўсёды ідуць да таго, хто плаціць ім больш. Так што, зноў жа, я б не засяроджвалася на гэтым. Я думаю, што гэта не мяняе нашай рашучасьці, таму што мы заўсёды разглядалі Беларусь разам з Расеяй.