22 чэрвеня міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс паведаміў, што вытворчасьць Stadler у Беларусі «ці то спыняецца, ці то ўжо спыненая»
«Наколькі я ведаю з агульнай інфармацыі, вытворчасьць там [у Беларусі] больш не ідзе, кампанія выйшла адтуль або знаходзіцца ў працэсе вываду», — сказаў міністар.
Заява была зробленая на фоне заказу Літвой у кампаніі Stadler 15 акумулятарных цягнікоў на 200 мільёнаў эўра. Скуодзіс удакладніў, што дэталяў зь Беларусі ў іх ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар транспарту Літвы заявіў, што швайцарскі вытворца цягнікоў «Stadler Rail» пакідае беларускі рынак. Ёсьць нюансыЦі сапраўды Stadler пакідае Беларусь
Крыніцы ў Беларусі агучаных літоўскім міністрам зьвестак не пацьвярджаюць. Па інфармацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», Stadler у Беларусі «працуе і сыходзіць пакуль не зьбіраецца», такія зьвесткі агучылі актывісты ў размове са Свабодай. Цяпер на прадпрыемстве выконваюць заказы Казахстану і Азэрбайджану.
На сайце беларускага філіялу Stadler таксама ёсьць інфармацыя на пастаўку 10 цягнікоў тыпу Flirt для азэрбайджанскай чыгункі, тэрмін заканчэньня пастаўкі 2023 год. У выходных дадзеных пастаўкі якраз пазначаны беларускі Stadler.
Зьвестак аб пастаўках у Казахстан на сайце вытворцы няма.
Акрамя гэтага, сярод заказаў на сайце Stadler — дзесяць вагонаў для беларускага мэтрапалітэну. Таксама ёсьць замова на пастаўку трамваю «Мяцеліца» для Менску, год пастаўкі не ўказаны.
Апроч гэтага, паводле афіцыйнай інфармацыі, завод у Фаніпалі мае кантракты на сэрвіснае абслугоўваньне ўжо вырабленых цягнікоў для беларускай чыгункі. Паводле «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», выходзіць зь Беларусі міжнародны вытворца не зьбіраецца.
«Вытворчасьць працягваецца, хоць і заказаў менш. На Эўропу яны нічога не выпускаюць, але працуюць з Казахстанам і Азэрбайджанам. Працягваюць тэхнічнае абслугоўваньне вагонаў мэтро і цягнікоў для беларускай чыгункі. Людзей туды набіраюць», — расказаў Свабодзе прадстаўнік «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі».
Свабода зьвярнулася ў галоўны офіс кампаніі Stadler з запытам аб далейшых плянах працы ў Беларусі, але адказу пакуль не атрымала.
Каго набіраюць на Stadler Беларусі
На галоўным сайце вытворцы цяпер тры вакансіі на беларускі завод у Фаніпалі. Шукаюць інжынэра электронных сыстэм, інжынэра-мэханіка, інжынэра-праграміста.
Заробкі ў вакансіях не пазначаныя, але, паводле «Супольнасьці чыгуначнікаў», яны там высокія.
Напрыклад, у чэрвені на Stadler у Фаніпалі шукалі адміністратара з заробкам 1600 рублёў на месяц.
Завод Stadler адкрыўся ў беларускім Фаніпалі ў 2014 годзе. Плянавалі выпускаць цягнікі як для ўсходніх суседзяў, так і для эўрапейскага рынку.
Праз пачатак вайны і санкцыі прадпрыемства скараціла колькасьць супрацоўнікаў. Stadler вымушаны быў перанесьці частку зборачных апэрацый зь Беларусі ў Польшчу і Швайцарыю. З 1700 рабочых, якія некалі працавалі на заводзе, у 2022 годзе плянавалі пакінуць 700-800.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарская кампанія Stadler скарачае штат у Беларусі