Дэпутат бундэстагу прапануе палітыку Нямеччыны адносна беларускіх палітвязьняў — і ціск, і дамоўленасьці ў канкрэтных выпадках

Робін Вагенэр

Важна даць зразумець рэжыму Аляксандра Лукашэнкі , што ён нелегітымны і да яго ня будзе літасьці за рэпрэсіі і фальсыфікацыі, але ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў трэба «спрабаваць дамаўляцца на больш базавым узроўні».

Такую думку выказаў дэпутат бундэстага Робін Вагенэр падчас дыскусіі «Рэха маўчаньня: Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі» 3 ліпеня ў Берліне, якую цытуе BPN.

Парлямэнтар зьяўляецца сымбалічным «хросным» асуджаных з палітычных матываў журналіста Ігара Лосіка і яго жонкі Дар’і, ініцыятарам стварэньня ў бундэстагу групы сяброў дэмакратычнай Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 3 гады за кратамі. Алексіевіч, Флай, Ціханоўская і іншыя вядомыя людзі зьвярнуліся да Ігара і Дар'і Лосікаў

«Рэжым не павінен мець посьпех у спробах татальнай ізаляцыі і адданьня забыцьцю палітвязьняў, — адзначыў ён. — Цяпер Беларусь зьяўляецца стратэгічным інтарэсам Нямеччыны. Мы доўгі час няправільна ацэньвалі пагрозы, ня думалі пра Беларусь і зрабілі шмат замежнапалітычных памылак адносна яе».

На думку дэпутата, палітыка Нямеччыны па Беларусі можа рухацца ў «двух кірунках, якія, на першы погляд, супярэчаць адзін аднаму».

«Урад шукае магчымасьці, як дасягнуць сваіх мэтаў у вызваленьні палітвязьняў на больш нізкім узроўні, — сказаў ён. — У канкрэтных індывідуальных выпадках можна дамагчыся паляпшэньня або вызваленьня, хоць гэта супярэчыць нашаму палітычнаму ціску. Мы можам працягваць камунікацыю, каб дапамагаць канкрэтным людзям. Але ў кожным канкрэтным выпадку гэта меры, якія патрабуюць індывідуальнага падыходу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праверкі ў калёніях. На што разьлічваць палітвязьням

«Зараз нам важна дыфэрэнцыявана глядзець на рэчы і разумець, як абыходзіцца з дыктатарскім рэжымам. З аднаго боку, неабходна падтрымліваць санкцыі супраць рэжыму, з другога — даць зразумець людзям, што ёсьць эўрапейская пэрспэктыва свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Мы павінныя даваць магчымасьць людзям выяжджаць, адкрыць ім дарогу ў ЭЗ», — заявіў дэпутат бундэстагу.

Ён лічыць неабходным «пашыраць і спрашчаць працэдуру выдачы гуманітарных візаў», каб рэпрэсаваныя беларусы не заставаліся закрытымі ў краіне, не «пакутавалі ад наступстваў» пасьля вызваленьня і «мелі магчымасьць выехаць у Нямеччыну».