Мэр Рыгі Мартыньш Стакіс, які знаходзіцца ў фракцыі «Прагрэсіўных»/Par!, прыняў рашэньне сысьці ў адстаўку праз сваркі ў кіруючай кааліцыі, якія ўзьніклі ў сувязі з расьсьледаваньнем магчымых парушэньняў у адным з дэпартамэнтаў Рыскай гарадзкой думы, піша партал Delfi. Пра адстаўку сам кіраўнік гораду паведаміў сёньня раніцай.
У сваёй публічнай заяве Стакіс фактычна прызнаў, што як старшыня Рыскай думы страціў падтрымку большасьці дэпутатаў самакіраваньня. У сваёй заяве ён абвінаваціў сваіх трох намесьнікаў у тым, што яны за яго сьпінай пачалі фармаваць іншую кіруючую кааліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Рыгі: «Сёньня я стаў ганаровым грамадзянінам вольнай Беларусі»Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Латвіі ў 2021 годзе мэр Рыгі Мартыньш Стакіс замяніў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы, а калі старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі выказаў пратэст, зьняў і сьцяг хакейнай фэдэрацыі. У Беларусі на Стакіса завялі крымінальную справу, затым была ўзаемная высылка дыпляматаў Беларусі і Латвіі, а пасьля і Беларусі і Літвы, якая выказала салідарнасьць з Рыгай.
За датычнасьць да інцыдэнту са зьняцьцём чырвона-зялёнага сьцяга беларускія ўлады тады завялі крымінальную справу і супраць тагачаснага міністра замежных справаў Латвіі Эдгарса Рынкевічса. 31 траўня сёлета Рынкевічс быў абраны прэзыдэнтам Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапаную спадару Лукашэнку дамагацца справядлівасьці ў Гаазе», — мэр Рыгі і кіраўнік МЗС Латвіі пра крымінальную справу