Паліцыя затрымала 31-гадовага мужчыну, якога падазраюць у вандалізьме. Агулам у будынку пабітыя тры шыбы, надпісы выкананыя па-ангельску і па-беларуску.
Дэпутат нідэрляндзкага парлямэнту Сьёрд Сьёрдсма ў сваім твітэры асудзіў напад на пасольства.
«Як бы справядліва вы ні злаваліся на рэжымы Беларусі, Расеі ці іншых краінаў, не нападайце на іх амбасады ці рэзыдэнцыі. Вы нікому не дапамагаеце і робіце менш бясьпечным перабываньне нашых дыпляматаў у гэтых краінах».
Як паведаміў сайт omroepwest, частку надпісаў апоўдні ўдалося сьцерці, а шыбы часова заклалі кардонам.
Нідэрляндзкія журналісты пішуць, што напад найверагодней адбыўся з прычыны нязгоды з палітыкай Лукашэнкі. Мясцовыя газэты нагадваюць, што Аляксандар Лукашэнка — блізкі саюзьнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і падтрымлівае яго ў крывавай вайне супраць Украіны, на якой загінулі дзясяткі тысяч людзей. У самой жа Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць нязгодных.
Напад у Гаазе ўжо ня першая атака на беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы за мяжой. Раней падпальвалі дзьверы амбасады РБ у Бэльгіі, а ў Вільні зламалі флагшток з чырвона-зялёным сьцягам на ім і кідалі на тэрыторыю амбасады лямпадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня іх грамадзяне». Ці рэальна беларусу за мяжой атрымаць дапамогу ў амбасадзе? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусу, які падпаліў дзьверы амбасады Беларусі ў Брусэлі, далі 3 гады ўмоўна