Пра гэта заявіў сёньня на сустрэчы з папскім легатам арцыбіскупам Кляўдыё Гуджэроцьці старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандар Турчын, паведамляе БЕЛТА.
«Дзяржава гатовая паўдзельнічаць у аднаўленьні хрума. Трэба падрыхтаваць праектную дакумэнтацыю, каб налета можна было ўжо вылучаць фінансаваньне», — заявіў Турчын.
Кляўдыё Гуджэроцьці прыбыў у Беларусь як адмысловы пасланец папы Рымскага для ўдзелу ў сьвяткаваньнях, прысьвечаных 25-й гадавіне каранацыі абраза Будслаўскай Божай Маці. Фэст у Будславе (Мядзельскі раён) праходзіць з 30 чэрвеня па 1 ліпеня.
- Пажар у нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2022. У выніку абваліўся дах, а вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла зьвярталася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі. Людзі ахвяравалі на аднаўленьне храма каля 1 мільёна рублёў. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што без дапамогі дзяржавы людзі ня здолеюць сабраць грошы на рэканструкцыю.
- За год валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады. Рэстаўрацыя касьцёлу разьлічаная на 11 гадоў.
- У 2018 годзе UNESCO уключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці – адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.