На плятформе VODBLISK зьявіўся беларускі фільм «Возера радасьці» рэжысэра Аляксея Палуяна, заўважыла выданьне CityDog.io.
Гэты фільм ужо паказалі на 70 кінафэстывалях сьвету, дзе ён атрымаў 30 узнагародаў. Таксама фільм вылучаўся на прэмію «Оскар» у 2021 годзе і трапіў у лонг-ліст прэміі.
«Возера радасьцi» — фiльм пра дзевяцігадовую дзяўчынку па імені Яся, якая перажывае сьмерць маці, а бацька адпраўляе яе ў інтэрнат. Але аднойчы Яся зьбягае, каб вярнуцца дадому.
Стужку зьнялi паводле аднайменнага рамана вядомага беларускага пісьменьніка Віктара Марціновіча. Апроч рамана, за аснову фільма Аляксей Палуян узяў пэрсанальную сямейную гісторыю: бацька рэжысэра таксама, як і гераіня Яся, выхоўваўся ў інтэрнаце, куды ягоны бацька аддаў яго пасьля сьмерці маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фільм «Возера радасьці» — у лонг-лісьце прэміі «Оскар»- Аляксей Палуян — беларускі кінарэжысэр дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў, удзельнік міжнародных кінафэстываляў. Ад 2012 году жыве і працуе ў Нямеччыне, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў.
- Іншы ягоны дакумэнтальны фільм «Courage» пра беларускія пратэсты таксама быў намінаваны на «Оскар».
- Онлайн-кінатэатар зь беларускімі фільмамі VODBLISK 1 сакавіка запусьціла каманда кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне». Сучасныя незалежныя дакумэнтальныя і гульнявыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі і адмыслова адабраныя куратарамі праекту, зьяўляюцца на плятформе штомесяц. Зь Беларусі можна глядзець фільмы бясплатна, зь іншых краінаў сьвету доступ на 30 дзён да любога фільму каштуе 5 даляраў.