Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 сакавіка запрацуе онлайн-кінатэатар беларускага кіно VODBLISK


Каманда кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» запускае онлайн-кінатэатар зь беларускімі фільмамі VODBLISK. Першы час плятформа будзе працаваць у бэта-вэрсіі.

Сучасныя незалежныя дакумэнтальныя і гульнявыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі і адмыслова адабраныя куратарамі праекту, будуць зьяўляцца на плятформе штомесяц, пакрысе папаўняючы калекцыю кінатэатру, паведамляе «Будзьма».

Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе будзе бясплатны. Кошт прагляду фільмаў для беларусаў за мяжой — 5 даляраў; купляючы квіткі для прагляду фільмаў, яны будуць ня толькі падтрымліваць беларускіх фільммэйкераў і існаваньне кінатэатру, але таксама даваць магчымасьць адкрыць свабодны доступ для гледачоў у Беларусі.

Каб глядзець фільмы на плятформе VODBLISK, трэба будзе зарэгістравацца на сайце vodblisk.northernlightsff.com, выбраць упадабаны фільм і набыць доступ да яго (для беларусаў замежжа), ён будзе даступны для прагляду на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду (фільм можна будзе паглядзець любую колькасьць разоў).

Акрамя онлайн-кінатэатру, VODBLISK будзе плятформай для дыскусій, гутарак зь беларускімі рэжысэрамі, прадусарамі ды іншымі кінадзеячамі. Суправаджаць кожны фільм будзе размова зь яго стваральнікамі. Дыскусіі будуць у вольным доступе для ўсіх, незалежна ад геаграфіі.

Ужо 1 сакавіка стане даступны першы фільм «Мая бабуля з Марса», кранальная дакумэнтальная гісторыя, зьнятая беларусам Аляксандрам Міхалковічам. Невыпадкова першым фільмам будзе супраца Беларусі і Ўкраіны, такім чынам каманда выказвае салідарнасьць і падтрымку ўкраінскім калегам і ўсім жыхарам Украіны.

Стужка «Мая бабуля з Марса» прысьвечаная тэмам, якія хвалююць усіх даўно, яшчэ да пачатку поўнамаштабных ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне ў 2022 годзе. Дэбютны поўнамэтражны фільм Аляксандра Міхалковіча зьвязаны з геапалітычнай сытуацыяй і яго пэрсанальнай сямейнай гісторыяй. Рэжысэр раскрывае тэму прычынаў, якія прывялі да тых наступстваў, што здарыліся ў лютым 2022 году.

У цэнтры фільму — бабуля Зіна, украінка з паходжаньня. Пасьля выхаду на пэнсію яна пераехала ў Крым, які неўзабаве аказаўся акупаваны Расеяй і ператварыўся ў «далёкую плянэту», накшталт Марса, а яго «асяродзьдзе» стала непрыязным для бабулі. Разлучаная са сваёй сям’ёй, яна жыве ў забытым прыморскім мястэчку, спрабуючы вырашыць, застацца ёй ці зьехаць.

Сусьветная прэм’ера фільму адбылася на міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно Ji.hlava IDFF у 2018 годзе — гэта свайго роду знак якасьці ў сьвеце кіно.

VODBLISK створаны з мэтай сабраць у адным месцы цікавыя беларускія фільмы, каб любы беларус ці замежнік змог даведацца больш пра беларускі кінэматограф усяго за пару клікаў.

«Мы пастаянна сутыкаемся з праблемай, калі ў сьвеце ня ведаюць ня тое што пра беларускае кіно ў дэталях, але нават пра факт яго існаваньня. А ахвотныя даведацца элемэнтарна ня могуць яго нідзе паглядзець, — заўважае заснавальніца „Паўночнага зьзяньня“ і онлайн-кінатэатру Воля Чайкоўская. — Нам заўжды не хапала нейкага такога беларускага „Нэтфліксу“, пра які б усе ведалі ў Беларусі і ў сьвеце як пра плятформу, куды можна прыйсьці і знайсьці ў адным месцы ўсе беларускія фільмы (ці прынамсі вельмі шмат), а таксама даведацца пра кантэкст беларускага кіно ды нашых аўтараў і аўтарак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG