Памежная ахова Польшчы за 30 чэрвеня спыніла 77 нелегальных мігрантаў з боку Беларусі (і затрымала грамадзяніна Беларусі, які перавозіў 8 мігрантаў з Афганістану), літоўскія памежнікі зафіксавалі 2 спробы незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускага боку, латвійскія — 26 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы.
У першай палове 2023 году зафіксавана 19 220 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 13 624, Латвію — 4 340, Літву — 1 256).
Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і Эўразьвязу вясной і яе зьніжэньне ў пачатку лета, асабліва на латвійскім напрамку: у студзені было 1 989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, лютым — 1 970, сакавіку — 3 401, красавіку — 3 440, траўні — 4 719, чэрвені — 3 701.
Разьбіўка па краінах:
- Польшча — 1398 у студзені, 1455 у лютым, 2583 у сакавіку, 2363 у красавіку, 2959 у траўні, 2866 у чэрвені;
- Латвія — 372 у студзені, 377 у лютым, 559 у сакавіку, 776 у красавіку, 1549 у траўні, 707 у чэрвені;
- Літва — 219 у студзені, 138 у лютым, 259 у сакавіку, 301 у красавіку, 211 у траўні, 128 у чэрвені.
У Польшчы асьцерагаюцца, што адкрыцьцё новых авіярэйсаў будзе спрыяць дастаўцы мігрантаў на мяжу
Расея і Беларусь у бліжэйшы час запусьцяць новыя прамыя авіярэйсы, якія можна выкарыстоўваць для дастаўкі новых групаў мігрантаў, напісаў у сваім Twitter прадстаўнік польскага ўраду па бясьпецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын. Паводле яго, гэта новыя рэйсы паміж Іракам і Беларусьсю, а таксама паміж Кубай і Расеяй. У 2021 годзе менавіта прамыя рэйсы з Іраку ў Беларусь сталі асноўным каналам дастаўкі мігрантаў на беларуска-польскую мяжу і справакавалі міграцыйны крызіс. На думку Жарына, «цяпер новыя рэйсы зноў могуць служыць гэтай мэты».
Ён зьвярнуў увагу, што штодзённыя справаздачы Польскай памежнай службы гавораць аб узмацненьні гібрыднага міграцыйнага ціску.
У сэзонным раскладзе Нацыянальнага аэрапорта «Менск» сапраўды пазначаныя два рэйсы на тыдзень з Багдаду ў чацьвер і пятніцу: першыя рэйсы заплянаваныя на 6 і 7 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі папярэдзіла пра «патэнцыйную летнюю эскаляцыю» міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗМігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін паміж Беларусьсю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, таму што праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію.
- Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі. Самы папулярны кірунак, як сьведчыць статыстыка, — польскі.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.