Кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША, генэрал Марк Мілі заявіў 30 чэрвеня, што ўкраінскі контранаступ ідзе павольней, чым многія чакалі, але прагрэс няўхільна расьце, піша Руская служба ВВС.
«Ён адбываецца павольней, чым прадказвалі, і гэта мяне не зьдзіўляе, — сказаў Мілі, выступаючы перад аўдыторыяй у Нацыянальным прэс-клюбе. — Ён прасоўваецца няўхільна, мэтанакіравана, пракладаючы сабе шлях празь мінныя палі і іншае».
На гэтым тыдні Мілі размаўляў па тэлефоне з галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны Валерам Залужным, які паведаміў генэралу, што ўкраінскім сілам атрымалася перахапіць стратэгічную ініцыятыву на фронце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пацьвердзіў контранаступ Украіны. NYT: Захад разглядае тры сцэнарыУ той жа час каардынатар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі падкрэсьліў, што рашэньні пра тэмп і напрамкі наступу на расейскія пазыцыі прымае менавіта ўкраінскі бок.
«Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з нашымі ўкраінскімі калегамі, — адзначыў Кірбі. — Яны трымаюць нас у курсе, і мы працягваем рабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім у контранаступе (...), але куды яны пойдуць і як хутка яны пойдуць — гэта вырашаюць яны самі».
На мінулым тыдні CNN паведаміла, што, на думку заходніх чыноўнікаў, контранаступ Украіны «не апраўдвае чаканьняў ні на адным фронце», а расейскія лініі абароны апынуліся добра ўмацаваныя, што абцяжарвае прарыў украінскіх войскаў. Акрамя таго, расейскія войскі пасьпяхова блякуюць украінскую бронетэхніку ракетнымі ўдарамі і мінамі, а таксама больш эфэктыўна, чым раней, ужываюць авіяцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пакуль не змагла рэалізаваць перавагу ад крызісу ў Расеі, але працягвае вяртаць свае тэрыторыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Залужны: наступ Украіны — гэта ня шоў