Навуковы кіраўнік «Лявада-цэнтру» патлумачыў, чаму расейцы падтрымліваюць Прыгожына

Леў Гудкоў

Ухваленьне кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына пасьля краху яго мяцяжу зьнізілася ў Расеі ўдвая (з 58% да 29%), а рэйтынг прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна застаўся практычна без якіх-небудзь зьменаў у той ці іншы бок.

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня «Лявада-цэнтру», якое праводзілася 22-28 чэрвеня. Падтрымка Пуціна ў дні мяцяжу Прыгожына вагалася ад 79 да 82%.

У той жа час паводле дадзеных выданьня «Медуза» узровень даверу Уладзіміру Пуціну пасьля мяцяжу нібыта ўпаў на 9-14%. Паводле інфармацыі выданьня, такія лічбы былі агучаныя 29 чэрвеня на відэанарадзе, якую праводзіла адміністрацыя прэзыдэнта РФ з кіраўніцтвам расейскіх рэгіёнаў.

Гэтыя дадзеныя пракамэнтаваў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» навуковы кіраўнік «Лявада-цэнтру» Леў Гудкоў.

— Чым выкліканая непахіснасьць пуцінскага рэйтынгу, як паказвае вашае дасьледаваньне? Ужо, здавалася б, пасьля такой ганьбы ён павінен быў пакаціцца ўніз.

— Калі коратка — рэгулярным узьдзеяньнем прапаганды (на масавую сьвядомасьць) і пераносам уласнай недзеяздольнасьці насельніцтва на лідэра, які можа гарантаваць хоць нешта накшталт стабільнасьці і прадказальнасьці жыцьця. Тут з боку грамадзтва ніякіх празьмерных спадзяваньняў не было. Людзям, пачынаючы з траўня, увогуле, падабалася рыторыка Прыгожына, яго абвінавачаньні некампэтэнтнасьці, карупцыі ва ўладных колах, недзеяздольнасьці вайсковага кіраўніцтва і часткова (не прамым чынам, але цалкам зразумелым) крытыка самога Пуціна. Грамадзянам імпанавала тое, што кіраўнік ЧВК мог дазволіць сабе такія выразы, на якія ніхто да яго не рашаўся. Гэта для прыгнечанага расейскага насельніцтва выглядала надзвычай прывабна, паколькі супадала зь яго схаваным нэгатывізмам у адносінах да бессэнсоўнай вайны, нягледзячы на ўсю афіцыйную рыторыку наконт «барацьбы з нацызмам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковы кіраўнік «Лявада-цэнтру»: «Галоўнае — у Расеі пачынаецца стома ад бессэнсоўнай вайны»

— Але ж Прыгожын — тыповы бандыт, кляйма няма куды ставіць.

— Так, Прыгожын як асоба не выклікаў вялікай сымпатыі ў большасьці расейцаў. І тое, як ён дэманстраваў жорсткасьць і гвалт у адносінах да сваіх супернікаў, палохала абыватэляў... Аднак, калі стала ясна, што справа ідзе да дзяржаўнага перавароту, захопу ўлады, то стаўленьне масаў пачало хутка мяняцца, зьявіўся страх — як я разумею, перад грамадзянскай вайной, беспарадкамі, гвалтам, пагромамі. Бо ні для каго не сакрэт, што значная частка войска Прыгожына — вязьні, злачынцы. Таму ўхваленьне яго з 58% у першы дзень «Маршу справядлівасьці» зьнізілася да 29% ужо праз суткі, пасьля выступу Пуціна, нягледзячы на ўсю ягоную разгубленасьць і даволі нікчэмную ролю. Такая зьмена ў сьвядомасьці грамадзян цалкам зразумела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лявада-цэнтар»: Амаль дзьве траціны расейцаў ня лічаць Расею эўрапейскай краінай

— А наколькі вынікі вашага апытаньня суадносяцца з інфармацыяй «Медузы», што рэйтынг Пуціна ўсё ж упаў да 9–14%?

— Мы пакуль не зафіксавалі ніякага зьніжэньня рэйтынга прэзыдэнта. Ня ведаю, адкуль узяліся такія лічбы — магчыма, гаворка ідзе пра нейкія закрытыя дадзеныя. Нашыя апытаньні праходзілі ў самы момант так званага мяцяжу. Усё ж такі масавая сьвядомасьць вельмі інэртная. Для таго, каб у поўнай меры ацаніць тое, што адбылося, патрабуецца мінімум тыдні два. Паглядзім, як пойдзе далей...

Пуцін прызнаўся, што дзяржава цалкам утрымлівала найміцкую структуру Прыгожына. Зь іншага боку, яна была выведзеная з прававога поля, са звычайнага бюракратычнага рэгуляваньня. Таму такое супрацьстаяньне, якое мы назіралі, з пункта гледжаньня сацыялёгіі ўлады цалкам прадказальнае. Дэцэнтралізацыя гвалту абавязкова павінная была прывесьці да падобных эксцэсаў. Хаця той варыянт, што гвалт павернецца супраць самой улады, мала хто пралічваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін расказаў, колькі патрацілі на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр» зь дзяржаўнага бюджэту Расеі

— А тое, што найміты фінансавалі з дзяржбюджэту, за кошт падаткаплацельшчыкаў, гэта ніяк не ўсхвалявала расейцаў?

— Не, абсалютна. Якраз цярпімасьць да таго, што такія структуры ўзьнікаюць па-за законам, і выкарыстоўваюцца нават асуджаныя для ваенных дзеяньняў, зусім не бянтэжыла многіх людзей. Мяркуючы па нашых дадзеных, 57-59% лічаць гэта нармальным. Лёгіка тут такая: няхай лепш ваююць «уркі», чым нехта з маіх родных ці я сам. З пункту гледжаньня прававой сьвядомасьці гэта, вядома, абсалютны абсурд і інфантыльнасьць, цынізм, калі хочаце. Але гэта рыса нашай масавай сьвядомасьці. Няма ніякіх ні маральных, ні прававых абмежаваньняў, нормаў для таго, каб матэрыю гвалту ўвесьці ў нейкія законныя рамкі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.