Новыя спадарожнікавыя выявы былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці пацьвярджаюць узьвядзеньне новага вайскова-палявога лягера. Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат. Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай.
Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі могуць разьмясьціць тысячы расейскіх баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», зьявілася адразу пасьля вайсковага мяцяжу ў Расеі 25 чэрвеня. Паводле дамоўленасьцяў паміж Крамлём, лідэрам мяцежнікаў Яўгеніем Прыгожыным і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, як мінімум частка баевікоў можа «па ўласным жаданьні» разьмясьціцца на тэрыторыі Беларусі.
Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя працы на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль (90 км ад Менску і 20 км ад Асіповічаў) пачаліся ў чэрвені. Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта бачна на спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet.com, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня, які Свабода здабыла сёньня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.
«Да Цэлі не пад’ехаць — нагналі службаў розных: ЖКГ, водаканал і інш. Кажуць што ў казармах узнаўляюць нават трубы, якія калісьці зрэзалі», — паведаміў Свабодзе мясцовы жыхар 28 чэрвеня.
Былая вайсковая частка, пра якую ідзе гаворка, раней належала ракетным войскам. На яе тэрыторыі разьмяшчалася каля 1500 вайскоўцаў. Як вынікае з публікацый ў дзяржаўныз СМІ, вайсковая інфраструктура ў Цэлі захавалася дагэтуль: «некалькі шматпавярховікаў у атачэньні высокіх соснаў, бэтонны плот па пэрымэтры».
За тры кілямэтры ад вайсковай часткі ў вёсцы Цэль таксама знаходзіцца вайсковы гарадок Лапічы, які адносіцца да 38-й дарожна-маставой брыгады Мінабароны Беларусі, за шэсьць кілямэтраў — вайсковая частка інжынэрных войскаў у Верайцах, за дванаццаць кілямэтраў — артылерыйскі палігон Рэпішча.
Больш за 300 палявых намётаў
30 чэрвеня нам сталі дасяжныя сьвежыя спадарожнікавыя выявы больш высокай якасьці. На іх пабудаваныя ля Цэлі аб’екты можна разгледзець дэталёва.
На фота бачныя дзясяткі аб’ектаў прастакутнай формы, якія нагадваюць палявыя намёты для разьмяшчэньня людзей. Яны знаходзяцца на пляцоўках паміж старымі будынкамі вайсковай часткі. Пры гэтым вайсковай тэхнікі на здымках не заўважаецца.
Плошча паўночнай часткі лягера сувымерная двум футбольным палям (270 на 120 мэтраў), на ёй разьмешчаныя прынамсі 143 вялікія (12 мэтраў на 8 мэтраў кожны) намёты і некалькі меншых.
Памер цэнтральнай і ўсходняй частак абсталяванага лягера — 180 на 100 мэтраў кожная. На іх сумарна можна налічыць 150 вялікіх намётаў (12 на 8 мэтраў кожны).
У заходняй частцы плошчай каля 115 на 55 мэтраў разьмешчаныя каля 10 вялікіх намётаў (12 на 8 мэтраў кожны).
Агулам мы налічылі прынамсі 303 намёты, якія зьявіліся на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль пасьля 24 чэрвеня.
Намёты на спадарожнікавых выявах ля вёскі Цэль ідэнтычныя тым, што заўважаныя на фота вайсковых палігонаў, дзе праходзяць падрыхтоўку расейскія вайскоўцы перад адпраўкай на тэрыторыю Ўкраіны. Напрыклад, на Обуз-Лясноўскім палігоне ля Баранавічаў. Паводле інфармацыі кампаніі-вытворцы, кожны такі намёт можа зьмясьціць ад 20 да 50 чалавек.
Камэнтуючы новыя спадарожнікавыя здымкі на просьбу Свабоды, украінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў пацьвярджае, што на тэрыторыі былой вайсковай часткі разьмешчаныя сучасныя палявыя намёты ўзброеных сіл Беларусі, кожны зь якіх можа зьмясьціць «мінімум 50 чалавек».
«Там таксама могуць месьціцца надземныя ангары палявых клясаў — доўгі рукаў, унутры якога разьмешчаныя сталы, крэслы, там праводзяцца заняткі. Палявыя клясы робяцца з надзіманых канструкцый, каб іх уцяпліць — летам у іх ня горача, а зімой ня холадна, — кажа Алег Жданаў у камэнтары Свабодзе. — Будынкі зьлева — гэта, хутчэй за ўсё, навучальны корпус. Каб гэта была мэдычная ўстанова (палявы шпіталь. — РС), то над ёй мусіў бы вісець белы сьцяг з чырвоным крыжам. У палявых лягерах мэдычныя аб’екты заўжды абазначаюцца».
Найвялікшы вайскова-палявы лягер у Беларусі?
27 чэрвеня на сустрэчы зь сілавікамі Лукашэнка заявіў, што ніякіх лягераў для расейскіх вайскоўцаў прыватнай кампаніі «Вагнэр» у Беларусі не будуюць. Паводле яго словаў, калі вагнэраўцы будуць мець жаданьне разьмясьціцца ў Беларусі, то яны змогуць для гэтага скарыстацца былой вайсковай часткай і «паставіць там намёты».
Згадак пра новы аб’ект на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў Цэлі ў афіцыйных крыніцах у адкрытым доступе няма, яго прызначэньне застаецца незразумелым. Аднак сваімі памерамі палявы лягер у Цэлі перавышае іншыя вядомыя вайскова-палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат. Больш як 300 палявых намётаў могуць зьмясьціць, паводле нашых падлікаў, каля 15 тысяч вайскоўцаў.
Па стане на 6 чэрвеня на палігоне Обуз-Лясноўскі знаходзілася каля 150 прыкладна такіх жа памерамі намётаў, як і ў Цэлі. На спадарожнікавым здымку за 29 чэрвеня бачна, што лягер там яшчэ стаіць.
На спадарожнікавых здымках палігону Рэпішча пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць) мы налічылі каля 30 такіх жа памерамі намётаў па стане на 29 чэрвеня. На палігоне Лепель (Віцебская вобласьць) — 75 прыкладна такіх жа памерамі намётаў па стане на 22 чэрвеня. На палігонах пад Берасьцем і Горадняй вялікіх намётавых мястэчак не заўважана.
Свабода даслала наступныя пытаньні прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі:
- Што за палявы лягер разьмясьцілі ля вёскі Цэль і зь якой мэтай?
- Ці мае гэты лягер дачыненьне да магчымага разьмяшчэньня ў Беларусі вайскоўцаў групы «Вагнэр»?
- Ці знаходзяцца вайскоўцы групы «Вагнэр» цяпер на тэрыторыі Беларусі?
Мы апублікуем афіцыйны адказ, як толькі атрымаем яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ім прапанавалі закінутую частку». Што вядома пра магчымы лягер ПВК «Вагнэр» у Беларусі. Фота са спадарожніка