Эўрапейскі Зьвяз ухваліў пакет падтрымкі Малдовы ў рамках яе эўрапейскай інтэграцыі, які прафінансуюць праз мэханізм палітыкі добрасуседзтва, зь якой выключылі Беларусь пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Малдова цьвёрда салідарная і абараняе эўрапейскія каштоўнасьці. Нягледзячы на велізарныя наступствы агрэсіўнай вайны Расеі для краіны, Малдова робіць вялікія крокі, каб прасунуцца ў сваю эўрапейскую будучыню. Сёньняшні пакет паказвае, што мы падтрымліваем Малдову і будзем працаваць над паскарэньнем яе эўрапейскай інтэграцыі і рэформаў. Будучыня Малдовы ў Эўразьвязе», — заявіла прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Дапамога Малдове будзе ажыцьцяўляцца ў пяці прыярытэтных кірунках: садзейнічаньне эканамічнаму разьвіцьцю, падтрымка рэформаў, энэргетычная бясьпека, нацыянальная бясьпека і абарона Малдовы, а таксама супрацьдзеяньне замежнай дэзынфармацыі і падтрыманьне незалежных СМІ.
Малдова разам з Украінай атрымала эўрапейскую пэрспэктыву празь некалькі месяцаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў да канца году пачаць перамовы з Малдовай аб яе далучэньні да ЭўразьвязуСёлета 19 красавіка Эўрапейскі парлямэнт на сваім пасяджэньні ўхваліў рэзалюцыю, у якой рэкамэндаваў да канца 2023 году пачаць з Малдовай перамовы аб яе далучэньні да Эўразьвязу.
«Уступленьне Рэспублікі Малдова ў Эўразьвяз было б геастратэгічнай інвэстыцыяй у адзіную і моцную Эўропу», — адзначалася ў рэзалюцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны заявіў, што ўсе краіны, якія мяжуюць з Расеяй, маюць стаць сябрамі Эўразьвязу і NATO