«Варта ўлічваць, што ПВК „Вагнэр“ можа быць выкарыстаная для пракладаньня міграцыйнага маршруту з Усходу і для непасрэднага кіраваньня міграцыйнымі працэсамі на беларускай мяжы. Гэта можа стаць вельмі небясьпечнай зьявай», — зазначыў Станіслаў Жарын.
Такім чынам, на яго думку, сцэнар з разьмяшчэньнем вагнэраўцаў у Беларусі можа выкарыстоўвацца Расеяй «для міграцыйнага ціску на Эўропу».
Ён падкрэсьліў, што «гібрыдная актыўнасьць» на польска-беларускай мяжы не спыняецца, а «са статыстыкі Памежнай аховы відаць, што ў 2023 годзе складваецца больш небяспечная сытуацыя [зь мігрантамі], чым годам раней».
«Колькасць атак, спроб уварваньняў, агрэсіўных правакацый расьце, [гібрыдная] апэрацыя яшчэ працягваецца. Яе выкарыстоўваюць, каб паспрабаваць дэстабілізаваць Польшчу, яе інфармацыйную прастору, а таксама ўплываць на грамадзкую думку», — лічыць чыноўнік.
За мінулыя суткі мяжу Польшчы з боку Беларусі спрабаваў нелегальна перасячы 151 іншаземец, з пачатку чэрвеня — 2761, году — 13 519.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўзмоцніць усходнюю мяжу пасьля навінаў пра прыбыцьцё ПВК «Вагнэр» у Беларусь28 чэрвеня польскі віцэ-прэмʼер Ярослаў Качыньскі пасьля пазачарговага паседжаньня Камітэта Савета міністраў па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны заявіў, што ў сувязі з магчымым перамяшчэньнем у Беларусь прадстаўнікоў расейскай ПВК «Вагнэр» прынята рашэньне аб павелічэньні сіл, якія пастаянна знаходзяцца на ўсходняй мяжы Польшчы, а таксама пашырэньні розных відаў умацаваньняў, якія абараняюць яе.
«Мы хочам, каб гэтая мяжа [зь Беларусьсю] — калі, вядома, пацьвердзіцца пэўны прагноз — (...) была абаронена яшчэ мацней, чым яна была абаронена падчас тых нападаў, зь якімі мы мелі справу (на піку міграцыйнага крызісу)», — падкрэсьліў ён.
28 чэрвеня ў Кіеве на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і Літвы Гітанасам Науседай польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда, у сваю чаргу, выказаў апасеньні наконт перамяшчэньня расейскіх наймітаў у Беларусь.
«Абʼява аб разьмяшчэньні „групы Вагнэра“ і расейскай ядзернай зброі ў Беларусі фактычна мяняе архітэктуру бясьпекі ў нашым рэгіёне», — падкрэсьліў польскі прэзыдэнт.
Ён дадаў, што польска-беларуская мяжа «гадамі знаходзіцца пад гібрыднай атакай» і там пастаянна ўзмацняюцца меры бясьпекі.
Дуда таксама падкрэсьліў, што NATO «павінна ў адзін голас заявіць: калі хоць адзін „вагнэравец“ ступіць на тэрыторыю незалежных Літвы або Польшчы, то яны ўсе будуць ліквідаваны, дзе б яны ні знаходзіліся, незалежна ад тэрыторыі».
23 чэрвеня заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін дазволіў Прыгожыну зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё кіраўніка ПВК «Вагнэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ухвалілі продаж Польшчы новых сыстэм Patriot, а танкі Abrams ужо паступіліСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.