Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі могуць разьмясьціць тысячы расейскіх баевікоў, зьявілася адразу пасьля вайсковага мяцяжу ў Расеі. Беларуская служба Радыё Свабода паспрабавала разабрацца, наколькі гэта можа адпавядаць рэчаіснасьці.
Паводле дамоўленасьцяў паміж Крамлём і арганізатарамі вайсковага мяцяжу, як мінімум частка баевікоў ПВК «Вагнэра» можа «па ўласным жаданьні» разьмясьціцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта расказаў сам Пуцін. Гаворка ў першую чаргу пра тых, хто браў непасрэдны ўдзел у мяцяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, што найміты «Вагнэра» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі«Плот ёсьць, усё ёсьць»
Агульную колькасьць удзельнікаў ПВК Яўгенія Прыгожына ацэньваюць прыкладна ў 25 тысяч чалавек. Такую ж лічбу ён сам агучваў падчас падзей 24 чэрвеня. Пры гэтым невядома, колькі баевікоў удзельнічалі ў мяцяжы. Называюцца лічбы ад тысяч да дзясяткаў тысяч. Інфармацыя пра тое, што яны могуць перайсьці на тэрыторыю Беларусі, зьявілася ў расейскіх і ўкраінскіх СМІ ў нядзелю 25 чэрвеня. Некаторыя крыніцы нават паведамілі пра будаўніцтва вялікага лягера для іх разьмяшчэньня пад Асіповічамі ў Магілёўскай вобласьці. Гэтыя чуткі падчас узнагароджваньня сілавікоў 27 чэрвеня пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка.
«Мы пакуль ніякіх лягераў не будуем, — цытуе яго словы дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Але калі яны захочуць, я так разумею, яны глядзяць асобныя тэрыторыі, мы іх разьмесьцім. Стаўце намёты, калі ласка. Але пакуль яны знаходзяцца ў Луганску ў сваіх лягерах. І, як мне сказаў учора Прыгожын, які тэлефанаваў, нехта кантракт зь Мінабароны, з Шайгу падпіша... Яны хочуць паехаць у сем’і. Ну калі ласка... Мы ім прапанавалі адну з закінутых частак. Калі ласка — плот ёсьць, усё ёсьць. Стаўце палаткі. Чым можам, дапаможам».
Паводле Мінабароны Беларусі, усяго на тэрыторыі краіны дзейнічае каля 200 вайсковых частак. На тэрыторыі большасьці зь іх пастаянна знаходзяцца некалькі соцень вайскоўцаў. Самая вялікая вайсковая частка Мінабароны Беларусі — у барысаўскіх Печах: там у навучальным цэнтры адначасова знаходзяцца прыкладна 4,5 тысячы вайскоўцаў. Яшчэ каля 200–250 вайсковых частак на тэрыторыі Беларусі былі закрытыя ў першай палове 1990-х гадоў. Іх маёмасьць і тэрыторыя, як правіла, застаюцца ва ўласнасьці Мінабароны Беларусі. Стан гэтых частак невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што падчас мяцяжу «Вагнэра» гатовы быў паслаць у Расею беларускае войскаЧастка на 1500 чалавек
27 чэрвеня некалькі беларускіх СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Гэта каля 90 кілямэтраў ад Менску. Журналісты спасылаюцца на размовы зь мясцовымі жыхарамі, занепакоенымі магчымым зьяўленьнем вагнэраўцаў побач з Асіповічамі. Зьвесткі пра тое, што байцы ПВК «Вагнэр» могуць разьмясьціцца побач з Асіповічамі, са спасылкай на крыніцы пашырылі расейскія СМІ.
Чуткі пра рамонт на тэрыторыі вайсковай часткі ў Цэлі сапраўды ходзяць па Асіповічах, пацьвердзіў Свабодзе мясцовы жыхар.
«Ходзяць чуткі, што пачалі там нешта чысьціць, адну вайсковую частку, драяць, — кажа суразмоўца. — Гэта, хутчэй за ўсё, у вёсцы Цэль, але я дакладней ня ведаю. Магчыма, гэтае месца рыхтавалі і для разьмяшчэньня ядзернай зброі. Агулам, яго для нечага прыводзілі ў парадак»
Былая вайсковая частка, пра якую ідзе гаворка, раней належала ракетным войскам. На яе тэрыторыі разьмяшчалася каля 1500 вайскоўцаў.
«У свой час наша мястэчка звалі калыскай ракетных войскаў Беларусі, — цытавала ў 2020 годзе былога вайскоўца часткі ў Цэлі афіцыйнае выданьне адміністрацыі Лукашэнкі „Беларусь Сегодня“. — Вайсковая частка тут яшчэ да вайны была, у 1936-м. Пры Саюзе тут на ўзбраеньні стаялі грозныя ракетныя комплексы — дысьлякаваўся ракетны дывізіён з расейскіх Клінцоў, а пасьля разьмясьцілася наша, беларуская, ракетная брыгада. Я прыбыў сюды ў далёкім 1990-м. Разам зь іншымі салдатамі і афіцэрамі, іх семʼямі — усяго 1,5 тысячы чалавек. Пад нас мястэчка і будавалі: дамы, інтэрнат, клюб, краму. Моладзі шмат было, мясцовая школа-дзесяцігодка ў дзьве зьмены працавала. Дружна жылі, сьвяты разам спраўлялі».
З вышэйзгаданай публікацыі вынікае, што вайсковая інфраструктура ў Цэлі захавалася дагэтуль: «некалькі шматпавярховікаў у атачэньні высокіх соснаў, бэтонны плот па пэрымэтры».
За тры кілямэтры ад вайсковай часткі ў вёсцы Цэль таксама знаходзіцца вайсковы гарадок Лапічы, які адносіцца да 38-й дарожна-маставой брыгады Мінабароны Беларусі, за шэсьць кілямэтраў — вайсковая частка інжынэрных войскаў у Верайцах, за дванаццаць кілямэтраў — артылерыйскі палігон Рэпішча.
Што відаць са спадарожніка
З дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet.com Свабода дасьледавала, як вайсковы аб’ект у Цэлі выглядаў 27 чэрвеня і 17 чэрвеня.
На здымку мы бачым дзьве пляцоўкі. Тая, што ў паўночнай частцы, памерам 270 на 170 мэтраў. Тая, што ва ўсходняй частцы, — 200 на 160 мэтраў. На гэтых пляцоўках можна заўважыць аб’екты, якія пэрыядычна паўтараюцца.
Гэта можа быць зграмаджэньне падобных па памеры намётаў (як у расейскім вайсковым лягеры на тэрыторыі Обуз-Лясноўскага палігону) ці буйнагабарытнай тэхнікі.
Экспэрт: Будуюць тыпавы вайсковы лягер, але наўрад ці для вагнэраўцаў
Украінскі вайсковы экспэрт і аналітык Алег Жданаў у размове са Свабодай выказаў думку, што гаварыць пра падрыхтоўку пляцоўкі пад Асіповічамі канкрэтна для вагнэраўцаў пакуль рана. «Вельмі мала часу прайшло, каб ужо пачаць будаваць лягер менавіта для вагнэраўцаў — гэта нерэальна», — мяркуе Жданаў.
Паводле экспэрта, тое, што можна пабачыць на спадарожнікавых здымках, — будаўніцтва тыпавога вайсковага лягера. Праўдападобна, будаўнікі цяпер ад намётавага мястэчка пераходзяць да модульных пабудоваў. Модулі ўжо можна пабачыць на выявах.
Алег Жданаў зьвяртае ўвагу, што ў Асіповічах (каля 30 км ад Цэлі) месьціцца вайсковы палігон, на якім рыхтуюць расейскіх мабілізаваных для адпраўкі ва Ўкраіну. Тое, што будуюць у Цэлі, можа быць пашырэньнем пляцоўкі для падрыхтоўкі расейскіх мабілізаваных.
«Імавернасьць таго, што заўтра туды завязуць наймітаў „Вагнэра“, я не выключаю. Але ці дапусьціць Пуцін, каб Лукашэнка рыхтаваў спэцыялістаў для „Вагнэра“ ў сябе на тэрыторыі, маючы да іх доступ? Справа ў тым, што вагнэраўцы займаюцца аховай спэцаб’ектаў па ўсёй Афрыцы — ЦАР, Лібія, Чад. Там яны ахоўваюць залатыя прыіскі, алмазныя капальні, склады з золатам, алмазамі, а таксама з гатоўкай, так званым „чорным налам“. Відавочна, што на сваёй тэрыторыі КДБ Беларусі будзе вэрбаваць вагнэраўцаў. Тое, што Лукашэнка спрабуе ўлезьці ў „вагнэраўскі бізнэс“, то я нават не сумняюся. Але ці дасьць яму Пуцін гэта зрабіць?» — разважае экспэрт.
Па словах Алега Жданава, цяпер у «Вагнэры» ідзе чыстка шэрагаў. Расейскія ўлады мяняюць кіроўныя вярхі арганізацыі, каб максымальна адсунуць Прыгожына.
«Я ўвогуле сумняваюся, што Герасімаў (кіраўнік Генштабу РФ. — РС) выпусьціць з Расеі хоць аднаго баевіка. У яго цяпер кожны штых на ўліку, не хапае асабовага складу для ўзнаўленьня стратаў. У выніку частка можа падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі, частка панясе пакараньне як арганізатары мяцяжа і сядуць, як сказаў Патрушаў, „да канца сваіх дзён“. Мне здаецца, што Расея і пяць тысяч ня выпусьціць у Беларусь», — кажа вайсковы экспэрт у інтэрвію Свабодзе.
Алег Жданаў мяркуе, што ў Беларусі, найхутчэй, можа зьявіцца цэнтар для падрыхтоўкі вагнэраўцаў, якія будуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях на тэрыторыі трэціх краін.
Ні сам Яўгеній Прыгожын, ні іншыя камандзіры ПВК «Вагнэр» аніяк не камэнтуюць магчымае разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі. Ранкам 28 чэрвеня, паводле сайта Flightradar24.com, самалёт Прыгожына вылецеў з вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах у кірунку Расеі. Ці быў на яго борце кіраўнік ПВК «Вагнэр», дакладна не вядома. Няма і пацьверджанай інфармацыі, што пасьля «вайсковай смуты» ў Расеі хто-кольвек з баевікоў ПВК «Вагнэр» прыехаў у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO і Пэнтагон пракамэнтавалі прыезд Прыгожына ў Беларусь і магчымае разьмяшчэньне байцоў ПВК «Вагнэр»Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.