Як зазначыла Маргарыта Ляўчук, гэты дакумэнтальны фільм — яе дэбют у ролі аўтаркі, сусцэнарысткі, супрадусаркі і гераіні ў кіно:
«Усё пачалося з таго, што я выбрала тэмай сваёй магістарскай дысэртацыі „Візуальны гвалт дзяржаўнай сымболікай“. Але на гэтым не спынілася, бо дасьледчыцкая праца — гэта добра, але хочацца, каб пра гвалт крывёй на траве ці захадам на балоце даведалася больш людзей. Такім чынам і зьявілася ідэя зьняць адмысловы фільм, які вы сёньня можаце пабачыць», — расказала сьпявачка.
Маргарыта Ляўчук праз сваю творчасьць і свае праекты спрабуе расказаць усяму сьвету, хто такія беларусы і што робіць рэжым Лукашэнкі з тымі, хто прагне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Маргарыта спадзяецца, што з дапамогай творчасьці можна данесьці важныя наратывы як самім беларусам, так і прадстаўнікам іншых нацый і краін.
- Опэрная сьпявачка (сапрана) Маргарыта Ляўчук ( з 2016-га па сакавік 2020-га — салістка Вялікага тэатра Беларусі, звольнілася па ўласным жаданьні) — сымбаль і голас пратэстаў 2020 году. Увосень таго ж году ў сувязі зь перасьледам у Беларусі Маргарыта Ляўчук была вымушаная застацца ў Літве. Сьпявачка цяпер жыве ў Вільні.