Беларусь забараніла ўвоз літоўскага і польскага піва і падоўжыла забарону на ўвоз іншых прадуктаў

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь забараняе ўвоз піва і слабаалькагольных напіткаў зь Літвы і Польшчы, паведаміла прэс-служба беларускага ўраду. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.

Пастанова падаўжае да 31 сьнежня 2023 году ўключна тэрмін дзеяньня забароны на ўвоз зь «недружалюбных краінаў» асобных відаў сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі, якую ўвялі ў пачатку 2022 году.

Дакумэнт у тым ліку прадугледжвае:

  • захаваньне забароны на ўвоз зь «недружалюбных краін» яблыкаў, акрамя пэрыяду з 1 па 31 ліпеня.
  • увядзеньне забароны на ўвоз зь Літвы і Польшчы піва і слабаалькагольных напояў «з улікам вытворчасьці аналягічнай прадукцыі ў Беларусі ў дастатковых абʼёмах».

Іншыя падрабязнасьці прынятай пастановы ведамства не паведаміла. Дакумэнт пакуль афіцыйна не апублікаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі падоўжылі контрасанкцыі, але скарацілі пералік забароненых тавараў
  • У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні трапілі ў тым ліку мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
  • У пералік «недружалюбных краін» былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • Папярэдні раз харчовыя «контрсанкцыі» працягвалі ў сьнежні 2022 году. Тады было вырашана, што яны дзейнічаюць да 30 чэрвеня 2023 году. Адначасова ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: былі зробленыя выключэньні для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня. Па-ранейшаму быў забаронены ўвоз цыбулі, сьвежай белакачаннай капусты, сьвежай морквы, сталовых буракоў, арэхаў, мясной і малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, каўбас і аналягічных прадуктаў.
  • Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.