Жонка Бяляцкага выступіла ў Эўрапарлямэнце на дыскусіі пра беларускіх палітвязьняў

Натальля Пінчук у Эўрапарлямэнце

У падкамітэце па правах чалавека Эўрапейскага парлямэнту абмеркавалі сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі.

На абмеркаваньне беларускіх праблем у Эўрапейскі парлямэнт запрасілі Натальлю Пінчук, жонку зьняволенага беларускага праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

На слуханьнях пабывалі каля 20 эўрадэпутатаў, якія цікавіліся, як дапамагчы беларускім палітвязьням і іх сем'ям, выказвалі прапановы, як прыцягнуць улады Беларусі да адказнасьці за катаваньні і іншыя парушэньні правоў чалавека. Гучалі прапановы, як зрабіць, каб інстытут апекуноў беларускіх палітвязьняў зь ліку эўрадэпутатаў дзейнічаў больш эфэктыўна.

Натальля Пінчук, сярод іншага, заявіла:

«Калі б сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі была іншая, калі б з 1995 году Лукашэнку не ўдалося крок за крокам іх зьнішчыць — пры маўклівым сузіраньні дэмакратычнага сьвету, — можа, не было б сёньняшняй трагедыі ўкраінскага народу.

Свабодная і незалежная эўрапейская Беларусь проста зрабіла б такія сцэнары немагчымымі. Памылкова лічыць, што з рэжымам трэба таргавацца і „не заганяць яго ў кут“, бо іначай ён, маўляў, здасьць Беларусь Расеі. Нішто не перашкаджала яму зрабіць дэманстратыўны гуманітарны крок (напрыклад, адпусьціць хранічна хворых, пажылых, шматдзетных). Але не, замест гэтага ён толькі захоплівае новых закладнікаў, каб сеяць страх. Бо беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 году не забытыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсій». Жонка Бяляцкага выступіла на канфэрэнцыі GLOBSEC

Натальля Пінчук выказала спадзяваньне, што краіны Эўрапейскага Зьвязу, лідэры сьвету ў адстойваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў, прымусяць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Чырвоны Крыж, выконваць сваю місію.

Пінчук заявіла, што дыктатура Лукашэнкі працягвае адбіраць у беларусаў права на ідэнтычнасьць.

«За 2020–2023 гады фармальна закрытыя ўсе без вынятку незалежныя арганізацыі, якія займаюцца адраджэньнем нацыянальнай культуры. Зьняволеныя сотні пэдагогаў, пісьменьнікаў, музыкантаў і мастакоў. За беларускую мову б’юць у аддзелах міліцыі і перасьледуюць у адміністрацыйных турмах. Мэдыя, якія спэцыялізуюцца на гісторыі і культуры, абвешчаныя „экстрэмісцкімі“. Перапісваюцца школьныя падручнікі. Адбываюцца чысткі кніг у бібліятэках. Гэта прыкметы этнацыду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што паабяцала генэральны сакратар Рады Эўропы падчас сустрэчы з Натальляй Пінчук, жонкай Алеся Бяляцкага

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.