Тактыка-спэцыяльныя заняткі «Дапамога-2023» праходзяць з 26 па 30 чэрвеня ў 1134-м вайсковым клінічным мэдцэнтры Ўзброеных сіл (Горадня), а таксама на Госкім палігоне на мяжы з Польшчай і Літвой.
Як паведамляе прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі, мэта заняткаў — «практычная адпрацоўка навыкаў і ўменьняў у выкананьні функцыянальных абавязкаў у ходзе правядзеньня лячэбна-эвакуацыйных мерапрыемстваў пры дзеяньнях асобнай мэханізаванай брыгады ў абароне».
Адной з асноўных задач трэнінгу назвалі навучаньне «аказаньню першай дапамогі ў зоне агнявога кантакту». Вайсковыя мэдыкі таксама будуць вучыцца «прыёмам і спосабам разгортваньня намётаў, абсталяваньню функцыянальных падразьдзяленьняў мэдыцынскага атраду» і іншаму.
- Папярэдні раз такі трэнінг праводзіўся ў кастрычніку 2022 году на базе 432-га галоўнага вайсковага клінічнага мэдцэнтру (Менск).
- Навучаньне вайсковых мэдыкаў праходзіць на фоне поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.