Пуцін, як і ў суботу раніцай, назваў гэта мяцяжом, заявіў, што яго арганізатары разумелі, што пайшлі на злачынныя дзеяньні, здрадзілі сваёй краіне, народу і тым, каго ўцягнулі ў злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін у новым выступе прапанаваў байцам ПВК «Вагнэра» падпісаць кантракт, вярнуцца дадому або зьехаць у БеларусьРазам з тым прэзыдэнт Расеі сказаў, што пераважная частка байцоў і камандзіраў ПВК «Вагнэр» — «патрыёты Расеі, адданыя свайму народу і дзяржаве».
Зьвяртаючыся жа давагнэраўцаў, ён зрабіў прапанову: «Сёньня ў вас ёсьць магчымасьць прадоўжыць службу Расеі, заключыўшы кантракт зь Міністэрствам абароны або іншымі сілавымі органамі, або вярнуцца да сваіх родных і блізкіх. Хто хоча — зможа ісьці і ў Беларусь. Дадзенае мною абяцаньне будзе выканана».
Пуцін таксама выказаў падзяку Аляксандру Лукашэнку «за ўнёсак у мірнае вырашэньне сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я называю яго Жэня». Гісторыя знаёмства Лукашэнкі і ПрыгожынаВажна адзначыць, што ў прамове Пуціна не было сказана ні слова пра якую б то ні было рацыю мяцежнікаў, не абвешчана і ні пра якія кадравыя зьмены ў складзе кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ, чаго дамагаўся Прыгожын. ПВК «Вагнэр» адмоўлена ў асаблівым статусе, за які змагаўся Прыгожын і які імкнулася скасаваць Міністэрства абароны РФ.
Сам гаспадар «Вагнэра» фактычна названы злачынцам, здраднікам і авантурыстам. Гэта стасуецца зь сёньняшнім ранішнім паведамленьнем Генпракуратуры РФ аб тым, што справа супраць Прыгожына ня спыненая. Варта нагадаць, што ўвечары ў суботу прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў абвясьціў, што справа будзе спыненая. Выглядае, што за два дні падыход ізноў зьмяніўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Расеі заявілі, што крымінальнай справы супраць Прыгожына не спыніліСамае загадкавае ў прамове Пуціна — спасылка на магчымасьць для байцоў ПВК «Вагнэр» «пайсьці ў Беларусь». Прычым з тлумачэньнем — «дадзенае мной абяцаньне будзе выканана».
З кантэксту прамовы вынікае, што ў суботу дзякуючы Лукашэнку была дасягнутая дамоўленасьць: наступ на Маскву «Вагнэра» спыняецца, пэрспэктыва маштабнага праліцьця крыві прадухіляецца, шарагоўцам кампаніі абяцаная магчымасьць атрымаць прытулак у Беларусі. Таму Пуцін і сказаў пра абяцаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў заявіў, што Прыгожын «сыдзе ў Беларусь»; найміты ПВК пакідаюць Растоў-на-ДонеЦі распаўсюджваліся гэтыя гарантыі на Яўгенія Прыгожына, невідавочна, З суботняй заявы Пяскова «Прыгожын пойдзе ў Беларусь» можна зрабіць выснову, што распаўсюджваліся, і ці ня ў першую чаргу. Але і сёньняшняя заява Генпракуратуру РФ, і прамова Пуціна сьведчаць, што, калі адносна асабіста Прыгожына гарантыі і былі, то яны скасаваныя. Пуцін не сказаў гэтага проста, але прытулак «злачынцу, здрадніку і мяцежніку» у саюзнай з Расеяй краіне — гэта выглядала б неяк дзіўна.
У рэчышчы патрыятычнай рыторыкі, у якім вытрыманая прамова Пуціна, варыянт фактычнай эміграцыі ў Беларусь для байцоў «Вагнэра» не выглядае патрыятычным і маральным крокам. Ён сказаў, што ў іх тры варыянты: «працягнуць службу Расеі», вярнуцца да родных і пайсьці ў Беларусь. І трэці варыянт — гэта ня першы: у Беларусі для вагнэраўцаў служба Расеі скончыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Савеце бясьпекі Беларусі пракамэнтавалі ўзброены мяцеж на поўдні Расеі«Выбар за кожным з вас, але ўпэўнены, гэта будзе выбар ваяроў Расеі, якія ўсьвядомілі сваю трагічную памылку», — сказаў прэзыдэнт РФ. Гэтыя словы можна зразумець такім чынам, што беларускі варыянт вам быў абяцаны і вы яго можаце выбраць, але як бы ён ня стаў для вас яшчэ адной трагічнай памылкай.
Сёньняшняя прамова Пуціна кантраставала з пазыцыяй афіцыйнага Менску. У заяве Савету бясьпекі Беларусі ў суботу падзеі ў РФ трактаваліся не як мяцеж, а як смута, гэта значыць унутраны канфлікт, у якім, па вялікім рахунку, няма правых і вінаватых. Сама прапанова Лукашэнкі прыняць на беларускай тэрыторыі асобаў, якіх улады суседняй саюзнай краіны лічаць мяцежнікамі, удзельнікамі злачынства, сьведчыць, што трактоўка сытуацыі ў Лукашэнкі іншая, чым у Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-служба Прыгожына апублікавала яго новы зварот: «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі»Ізноў жа, з кантэксту прамовы Пуціна вынікае, што ўцёкі часткі вагнэраўцаў у Беларусь разглядаюцца ў Крамлі як вымушанае выкананьне ўгоды, а не як адкрыцьцё яшчэ аднаго фронту.
Сёньняшні выступ прэзыдэнта РФ пакінуў шмат пытаньняў. Ці будуць зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства абароны РФ? Якім будзе лёс Яўгенія Прыгожына, ці дадуць яму асабіста магчымасьць «пайсьці ў Беларусь»? Ну і, нарэшце, ці шмат вагнэраўцаў выедуць у Беларусь і што яны там будуць рабіць?